border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Волат

"Грады великие и стены высокие даже до небеси и сыны Енаковы видели есмо тамъ з роду волотовъ", -- пісаў Скарына ў адным са сваіх перакладаў.

Волат Адраджэньня.  Волат нашай культуры.  Волат духу.  У нашай мове гэтае слова ўжываецца вылучна ў высокім стылі, але, паводле фальклёру, не заўсёды ў станоўчым значэньні.  Нярэдка героі легендаў ці казак процістаяць Волатам і тады ўзьнікае антаганізм Волат - Асілак, дзе апошні ніколі не бывае адмоўным.  Гэта можна прасачыць і на глебе паходжаньня двух словаў.  Калі Волат у шмат якіх дасьледнікаў лічыцца запазычаньнем, то Асілак - пераважна - словам адвеку нашым.

Прысутнасьць Волатаў у вуснай народнай творчасьці можа паказваць на тое, што яны ў свой час адыгралі заўважную ролю ў гісторыі Беларускай зямлі.  Больш таго, яны пакінулі па сабе матэрыяльныя сьведчаньні свайго йснаваньня - курганы-валатоўкі, якія часам утвараюць цэлыя могільнікі - ад двух да 20-30 і больш капцоў.  Волаты, Волатава, Валатоўшчына, Валатоўкі, Волатава магіла - назвы населеных пунктаў.  Міхал Валатоўскі - Беларускі этнограф і краязнаўца другой паловы XIX стагодзьдзя, які вывучаў Палесьсе.

У сёньняшнім Беларускім жыцьці словы Волат і Асілак - сынонімы, да якіх можна дадаць: сілач, магут, здаравяк, здаравіла, здаравец, атлет і вядома ж, стылёва зьніжанае, пераноснае - бугай.

Усе яны прайграюць Волату і Асілку ў адным: яны характарызуюць чалавека толькі зь фізычнага боку.  Волат, Асілак і, хіба, магут - цэлая жыцьцёвая філязофія. Ніхто зь іх не асацыюецца з грузчыкам. Нікога нельга ўявіць удзельнікам п'янай бойкі.  Яны чыстыя, незаплямленыя.  Яны - героі.  Яны - жыцьцёва значныя адзінкі, якіх так не хапае сучаснай Беларусі.

Сяржук Сокалаў-Воюш
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org