RFE/RL |
Верасень
У залатым фондзе беларускае лексыкі ХХ ст. самая яркая калекцыя – назвы месяцаў. Яшчэ напачатку стагодзьдзя ў “Нашай Ніве” гэтая сыстэма толькі фармавалася. Напрыклад, у 1909 годзе нумар газэты выйшаў 24 “сеньцябра”, а не верасьня. Хоць апошняе слова было і старабеларускім, і ўжывалася ў жывой гаворцы. Сёньня назвы месяцаў – гэта і пашыраны паэтычны вобраз, і першы ўрок беларускае мовы. Вось малое пытаецца: мама, а чаму гэты месяц называецца верасьнем? А вось грамадзянін, які запаўняе пашпартную анкету, спыняецца перад радком пра месяц нараджэньня і пытаецца ў суседа: а как будет “сентябрь”? Кажется, верасень, – адказвае той. А вось высокі начальнік, засеўшы над новай дырэктывай на беларускай мове, кліча ў кабінэт сакратарку: Зіночка, – пытаецца ён, верасень – это какой месяц? Сымболіка дзявятага па ліку месяца – гэта плён, які выношваўся на працягу ўсяго гэтага году. У палітычную гісторыю Беларусі ўзьяднаньне заходняй і ўсходняй частак краіны ў 1939 годзе трывала ўвайшло пад назваю верасьнёўскіх падзеяў. А 30 верасьня зьявілася на сьвет славутая пісьменьніца-мэмуарыстка Зоська ВЕРАС, якая дзень і месяц свайго нараджэньня ўдала зашыфравала ў псэўданіме. Верасень – першы месяц восені, часам цёплы і сонечны, часам халодны і дажджлівы, а той й сьнежны. Часам у месяцы верасьні выпадае пароша, а часам ён гарыць полымем ружовых верасоў. Сяргей Дубавец
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |