border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Ваўчар

Як і кожнае новае, арганічна не асвоенае слова, ваўчар ужываецца ня йнакш як з агаворкай, такой папярэдняй запінкай: гэты... як яго... ваўчар.  Гэтым самым той, хто гаворыць, як бы адчужае слова ад сваёй звыклай моўнай матэрыі.  Як і кожнае малазразумелае слова, ваўчар падвяргаецца народнаму этымалягічнаму аналізу. Многім тут чуецца нешта ваўчынае.

На самой жа справе ваўчар паходзіць ад ангельскага дзеяслова vouch - пацьвярджаць, паручачацца за што-небудзь.  Выторнае ад яго слова ваўчар у мове-арыгінале мае два значэньні.  Гэта, па-першае, дакумэнт, які пацьвярджае права ўладальніка на атрыманьне пэўных тавараў ці паслугаў, за што, як правіла, заплочана пры папярэдняй зьдзелцы.  Сынонімам яму могуць быць словы расьпіска, талён , білет.  Па-другое, ваўчар - гэта і чалавек, які выпісвае або выдае такі дакумэнт.  Гэтае значэньне пакуль не запазычанае.

Заўважым, што хоць ваўчар адначасна прыйшоў і ў беларускую, і ў расейскую мовы, яго ўжываньне мае пэўныя асаблівасьці.  Так, у Расеі зь ініцыятывы Анатоля Чубайса праводзілася ваўчарная прыватызацыя.  У Беларусі прыватызайцыйныя дакумэнты назвалі чэкамі, а ваўчар замацаваўся пераважна ў сфэры турысцкага бізнэсу.  Таму беларускае значэньне ваўчару раўназначнае знаёмаму слову пуцёўка: купляючы ваўчар у турысцкай фірме, вы атрымліваеце гарантыю аплочанага начлегу і сняданку ў адным з замежных гатэляў.  Праўда, тое, што гэтыя паслугі часта таксама ўмоўныя і незапатрабаваныя - іншая размова.

Алена Ціхановіч
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org