RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Вандэя. За камуністамі кожны адукаваны беларус ведаў пра Вандэю, бо Вялікай Французкай рэвалюцыі адводзілася шмат мейсца ў гісторыі КПСС. Але ніхто не зьвязваў назву гэтага дэпартаманту Францыі з хоць чым у Беларусі да той пары, пакуль напрыканцы 80-х Алесь Адамовіч не назваў Вандэяй усе тыя сілы, што супрацьстаялі дэмакратычным пераменам і нацыянальнаму адраджэньню на нашай Бацькаўшчыне. Зь лёгкай рукі Алеся Адамовіча слова Вандэя імгненна набыло надзвычайную папулярнасьць. Калі ў 1989 годзе на Дзяды ля зачыненай брамы "Маскоўскіх" могілкаў шчыльныя шыхты міліцыянтаў з усіх бакоў сьвядома сьціскалі шматтысячны натоўп, каб людзі падушылі самі сябе, то адзінае, што мы змаглі тады супрацьпаставіць карнікам -- гэта нястомны вокліч: "в а н д э я ! в а н д э я ! в а н д э я !". Менавіта гэты вокліч задзіночыў натоўп у змагарнае цэлае й дапамог яму выстаяць. Зрэшты, лёсы словаў яшчэ больш пакручастыя і непрадказальныя за лёсы людзей. І колькі б сёньня гісторыкі не тлумачылі пра нейкую сапраўдную ролю гэтага заходняга дэпартаманту Францыі ў ейным далейшым лёсе, але Вандэі, бадай, назаўсёды наканавана заставацца метафараю контаррэвалюцыі, ва ўсе часы прыдатнай для тых, хто прагне пераменаў. Валянцін Акудовіч
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |