RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Вайна
Мабыць, гэта адзінае слова, якое ўражвае больш за сьмерць. Вось адчыняюцца дзьверы, уваходзіць гаспадар хаты, сядае пры стале, за якім сабралася ўся сям'я і, ня гледзячы нікому ў вочы, робіць сутаргавы выдых: вайна. Вось людзі каля радыёкропкі замёрлі і сама кропка нібы замёрла перад тым, як прамовіць гэтае даўкае слова: вайна. Вось запыханая суседка сказала, быццам заікнулася: вайна. Першая, другая, сусьветная, айчынная, польская, фінская, паўночная, халодная, неаб'яўленая... Удакладненьні не патрабуюцца, калі яна — наша, калі — на парозе. Вайна заўсёды гучыць так, нібы штосьці замінае гаварыць. Напрыклад, пігулка валідолу пад языком. Вайна — як неасэнсаванае лепятаньне пасьля страшнага шоку, калі здаецца, што пачынаеш наноў вучыцца гаварыць, а яно ня надта выходзіць. Вайна — найстрашнейшая, калі яна гатовая стаць рэальнасьцю. Пасьля ўсё ўваходзіць у тую ваенную рэальнасьць і вайна становіцца сынонімам жыцьця. Ну, як вы тут жывяце? Ды вайна ў нас. Вайна. Час і сьвет падзяляюцца на даваенныя і паваенныя. Да вайны прывыкаюць. На вайне, як на вайне. У вайну, вайнуху, вайнушку гуляюць хлопчыкі. Вайной дражняцца дзеці: трус, трус, беларус, на вайну сабраўся... і дарослыя — пра сварку мужыка і жонкі: вайна пасярод гаўна. Але гэта ўжо пасьля, калі вайна сканчаецца. Тыя, хто перажыў яе, на ўсё жыцьцё захоўваюць на першым месцы ў сваёй гіерархіі жаданьняў: абы не было вайны. Ужо ў іхных дзяцей знаходзяцца рэчы, важнейшыя за вайну. І тады рана ці позна настае часіна, калі гаспадар уваходзіць у хату і неслухмяным языком прамаўляе: вайна. Сяргей Дубавец
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |