border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Вагонка

Гэтае слова трывала ўвайшло ў беларускi лексiкон, спакваля падмяняючы слова "шалёўка". Шалёўка -- вузкiя габляваныя дошкi, якiмi абшываўся драўляны зруб, спрадвеку выкарыстоўвалася ў народным дойлiдзтве. Але да вайны яна, з-за свайго вялiкага кошту, ўжывалася ў рэдкiх выпадках. Напрыклад, шалявалiся бажнiцы. Даўжэзнымi габляванымi сухiмi дошкамi. На Палесьсi ў шалёўцы шыфравалi салярныя знакi. А ў Панямоньнi шалявалi франтоны гонтаю, нiбы ў працяг страхi. Не па бярвеньню, а замест яго.

Перад вайною прыйшла вагонка -- габляваныя дошкі, якiя рабiлi пры дапамозе простых станкоў. Зь любое драўнiны, можна было хутка вырабiць стандартныя ў сячэньнi тонкiя дашчэчкі, з пазам, якi дазваляў зрабiць шалёўку гладкай, без шчылiнаў. Ад пачатку гэты выраб прызначаўся для абшыўкi вагонаў, вядомых "цяплушак", у якiх было зручна транспартаваць быдла i "ворагаў народу" на Ўсход. У абшытых вагонкаю саставах адправіліся тутды тысячы беларусаў. А ў вайну тысячамі вывозіліся ўжо і на Захад...

 Але па вайне эстэтычныя якасьцi няякаснае драўнiны трыюмфавалi: беларускiя вёскi зьмянiлiся непазнавальна. Вагонкаю узялiся шаляваць усё запар, ад прызбы да страхi. Сiвыя зрубы ўбiралiся ў шаты вагонкi. За iмi можна было схаваць любыя хiбы матэрыялаў i працы. Не раўнуючы, як Савецкая дзяржава, што хавала за вялізарнымі транспарантамі ды палымянымі прамовамі свой пад'едзены ды пацьвілы каркас. Пасьля, на той жа савецкі манэр, хаты пачалi шчодра фарбаваць. Сялянскiя жытлы ад Берасьця да Смаленска сталi гладкiмi й стракатымi.

Толькi праз паўтары дзясяткi гадоў высьвятлiлася, што беларускi клiмат i паразiт шашэль жарэ драўнiну, прыхiнутую вагонкаю шматкроць хутчэй. Хаты, якiя па вайне ёю шалявалi, ужо струхнелi. Але эстэтычныя меркаваньні  ўсё адно бяруць верх. "Вагонка" перажыла ўжо і т ыя вагоны, у гонар якіх  была названая. Вагоны ўжо даўно не шалююць дрэвам... А ў Беларусі сёньня прадаюць "эўравагонку", якой паслугоўваюцца найбольш заможныя беларусы. Любоў да вагонкi засталася.... як напамiн пра акалiчнасьцi нашае "вагоннае" гiсторыi. Бадай, вагонка зьнікне з нашага лексыкону толькі тады, як забудзецца СССР. І тады дошкі для абшыўкі хатаў па-ранейшаму будуць звацца проста шалёўкаю.

Сяргей Харэўскі
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org