border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Улётка

Слова гэтае прыжылося й атрымала даволі шырокі ўжытак у дэмакратычным і маладым асяродку ў апошнія гады, гады грамадзкага змаганьня ды ідэі нацыянальнага адраджэньня. Яно стала своеасаблівай заменаю афіцыйнаму "лістоўка", што азначае, як гаворыцца ў даведніках, "друкаваны або рукапісны лісток звычайна злабадзённага палітычнага зьместу".

Само гучаньне слова "ўлётка" мне падаецца ё больш узьнёслым, і намнога мякчэйшым, чым халоднае, строгае "лістоўка". А калі яшчэ прыгадаць, што самым напасрэдным чынам улёткі зьвязаныя з шматтысячнымі менскімі шэсьцямі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, і з апазыцыйнымі мітынгамі, і з абаронаю ад рэпрэсіяў уладаў -- дык можна лёгка вызначыць іх прыкметнае мейсца ня толькі ў палітычных слоўніках нашага часу, а і ў ня надта ахайных міліцэйскіх пратаколах.

І сам корань слова паяднаны з палётам, лётам, выглядае тут у пэўным сэнсе сымбалічным. Шырока разьлятаюцца на крылах улётак і напаміны аб слаўнай гісторыі роднага краю, і сумная статыстыка пакутаў і няўдачаў сёньняшняга дня, і палымяны заклік да працы ў імя народнага шчасьця й волі.

Вельмі хацелася б, каб у зусім ужо блізкім ХХІ стагодзьдзі філялягічна-рамантычнае слова ўлётка асацыявалася яшчэ й звысокім узьлётам змагарнага духу беларусаў, заслужанага аўтарытэту мілай Бацькаўшчыны.

Генадзь Бураўкін
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org