border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Ударнік

Толькі людзі пачцівага веку ведаюць ці цьмяна памятаюць, што такое ўдарнік. Тлумачальны слоўнік беларускае мовы, выпушчаны за савецкім часам, тлумачыць: "перадавы работнік сацыялістычнае вытворчасьці, які перавыконвае нормы".

Ударнікі былі на заводах, у калгасах, нават у літаратуры былі паэты-ўдарнікі. Чым і па чым ударалі -- гэта было няважна. Галоўнае -- каб былі ўдары.

Ударалі па бездарожжу, па бескультур'ю -- і ўсё безвынікова.

Цікава, што ў Савецкім Саюзе ўсё было падпарадкавана ўдарам.

Ударнікам яшчэ называлася частка затвора вагняпальнай зброі, прызначаная для ўдару па капсулю патрона.

Пра джазавага ўдарніка размовы быць не магло. Джаз -- спараджэньне капіталістычнага пеклу.

Такую аскоміну набілі ўдарнікі працы, што ў народзе кпілі весела: "размах рублёвы, а ўдар хрэновы".

З раніцы да зьмярканьня па радыё гучала: "ідуць, ідуць ударнікі камуністычных брыгад, прад імі адкрываецца шырокі далягляд". Лірыка -- падай і рыдай.

У той час было такое віно "Солнцедар", якое было мацнейшае за сонечны ўдар, дык і сьпявалі: "Не праходзіць дзень бяздарна. Сонцэдарна -- дужэ ўдарна. Мы ўсе ўдарнікі -- мы сонцэдарнікі", -- сьпявалі мы ў цёплых студэнцкіх кампаніях.

Рыгор Барадулін
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org