RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Тытунь
Слова тытунь паходзіць з турэцкае мовы. Гэта расьліна, зь якой вырабляюць прадукт, каб дагадзіць адной з самых старых і шкодных звычак чалавека. Менавіта з Турэччыны да нас і патрапіў тытунь, які стаўся неад'емнай часткаю мужчынскае тоеснасьці беларусаў. Яшчэ два стагодзьдзі таму падарожнікі з Расеі дзівіліся, што нашыя мужыкі не вымаюць з ратоў люлькі. Пазытыўнае стаўленьне да тытуню зьмянілася ў нядаўнія часы. Чым далей адыходзілі ваенныя ўспаміны, тым больш людзей кідалі паліць. Зьявілася грэблівасьць: "Усё курыш! Каб на табе поўсьць курэла..." У 70-я да барацьбы з тытунём падключылася й савецкая агітацыя. "Болей курыш, менш працуеш", -- дакаралі на ўсе лады плякаты, якія навыперадкі распавядалі пра трагічныя наступствы старадаўняе звычкі... Пра шкоднасьць тытуню нарэшце дазналіся ўсе. Але ж і ў крамах яго станавілася ўсё болей. Яго вялікасьць тытунь пры ўсіх агітацыях стаў адным з асноўных складнікаў савецкага бюджэту... У Беларусі паўсюдна расьцілі разнавідасьць тытуню, махорку. Папулярнаю была махорка "Пяхлец". Напоўніцу працавалі тытунёвыя прадпрыемствы ў Горадні, Менску ды Віцебску. Чаго толькі там ні выраблялі -- тытунь для паленьня, жаваньня, нюханьня ды розныя прэпараты... У цэнтры Менску, ганарліва зіхцела шыльда крамы "ТЫТУНЬ". Ну дзе там было не курыць! У большасьці эўрапейскіх моваў тытунь называюць табакам, паводле найменьня караібскае выспы Табага, адкуль дастаўлялі тытунь у Эўропу. У беларускай размоўнай мове таксама ўжываецца слова табАка, а ў літаратурнай мове -- утворнае ад яго -- партабак. За савецкім часам дасьціпны люд кпіў з сацыялістычнае гаспадаркі гэтак: "дажыліся лайдакі -- ні хлеба, ні табакі..." Сёньня свой тытунь у Беларусі амаль зьвёўся, ледзь пыхкаюць тыя фабрыкі, даўно няма ў сталіцы прыгожай тытунёвай крамы... Але тытунёвага дыму не паменела. Цяпер яго вязуць з усіх кутоў сьвету, пра што паведамляюць шматлікія рэклямы, на месцы колішніх камуністычных транспарантаў: "Winston", "Marlboro", сумнавядомая "Magna"... Дык курыць ці не? Гэтае пытаньне прападзе, бадай, толькі разам з тытунём... Сяргей Харэўскі
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |