RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Туалет

“Гэны гэнерал прыехаў са сваім клазетам. Шпакоўня такая, у нас на двары стаяла. Ён сядзіць, а салдат ахоўвае,” – такое было найбольшае ўражаньне ад сустрэчы зь немцамі-акупантамі адной беларускі, якая памятае вайну дзяўчынкай.

Іншая цётка, вярнуўшыся з-за мяжы, на пытаньне “што найбольш уразіла” адказала :“Туалет. Я б хацела там памерці, на той ружовай кафлі.”

Ну што ж, цётка не такая ўжо і арыгінальная: замежныя турысты, калі траплялі ў туалеты на нашых вакзалах, таксама хацелі памерці.

Ту-а-лет – як французкі выгук вялікай сацыяльнай эвалюцыі неяк слаба прабіваўся ў лясістую Беларусь. З усіх першасных патрэбаў тутэйшага чалавека над ім вісела і ціснула і ўважалася за галоўнае адна – патрэба працы. Лёзунг “нішто чалавечае…” увасабляўся у самай куртатай форме: дамы з усіх туалетаў часьцей патрабавалі ватоўку і боты, туалетнае мыла пэрыядычна было дэфіцытам, туалетная папера нейкі час прадавалася па сьпісах – толькі для вэтэранаў.

Праўда, у СССР мільённымі накладамі выходзілі газэты. Затое грамадскіх прыбіральняў было надзвычай мала.

Даступнасьць прыбіральні робіць чалавека лёгкім і свабодным. Недаступнасьць – ператварае ЗАДАВАЛЬНЕНЬНЕ патрэбнасьцяў у экзэкуцыю патрэбнасьцямі. Таму многіх вязьняў і затрыманых пазбаўляюць туалету. У куце кожнай турэмнай камэры стаяла і стаіць – як сымбаль бруду, пакутаў і прыніжэння – параша.

Беларускія аўтобусы, што коцяць дарогамі Эўропы, па ранейшым спыняюцца у лясках схадзіць да ветру. “Платны туалет” застаецца страшным пудзілам.

На берасьцейскім памежжы туалеты ў цягнікох зачыняюцца на некалькі гадзінаў. Далей – залежыць у які бок паедзеце. Там, дзе церпяць, сьмярдзіць парашай. Там, дзе паўсюль туалеты, лунае дух свабоды.

Алена Ціхановіч
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org