RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Тхло
Тхло – алегорыя нашага жыцьця ў 20 стагодзьдзі. Унармаванае тлумачэньне слова: тухлы, гнілы пах – тхліна. Не ўнармаванае: рыба, якая затохлася пад лёдам. Унармавана, мы – незалежная дзяржава, неўнармавана – тхло. Зіма. Адліга. На лёдзе зьяўляецца вада. Потым: раптоўны моцны мароз, які блякуе доступ паветра ў падлёдныя плыні… Рыба зьбіраецца ў касякі. Здаецца, сваёй масай яна хоча праламіць ільдовую вязьніцу і глынуць волі. Рыбы зьбіраецца больш, а кіслароду становіцца менш. Рыба затыхаецца, тохне, дохне. Тохнуць і дохнуць маюць тое самае паходжаньне. Яны радня словаў: дух, дыхаць. Часам, рыба і сапраўды ламае лёд і вырываецца на волю. Але што ёсьць воля на паветры для таго, у каго воля – вада і што ёсьць воля -- вада, калі ў ёй немагчыма жыць… Жыцьцё беларусаў у камуністычныя часы, гэта не пэрыяды культу, адлігі ці застою, гэта – адзіны, суцэльны пэрыяд тхла, калі ў пошуках адхланьня гінулі, ці пакідалі Бацькаўшчыну лепшыя. Жыцьцё беларусаў у пасьлякамуністычны час – яшчэ большае тхло, калі глядзець на тое, куды дапялі за гэты час суседзі. Людзі цікуюць тхло. Там дзе рыба не зламіла лёду, яны прасякаюць палонкі… Калі ў палонку трапляе чалавек, ён становіцца палонным. Калі з палонкі пачынае выплёсківацца мора рыбы – гэта таксама палон. Чалавек можа вырвацца са свайго палону. Рыба – не. Яна дохне. Такую здохлую на марозе рыбу можна есьці. Але ёсьць рыба непадуладная тхлу. Яна проста ўмарожваецца ў лёд і чакае спрыяльных умоваў. А вось ці існуе рыба, якая паміж тхлом, умарозкай і сьмерцьцю выбірае сьмерць – невядома… Сяржук Сокалаў-Воюш
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |