border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Тэлевізар

Тэлевізар у беларускай хаце стаіць у найвыгаднейшым месцы, на покуці - дзе раней віселі абразы.  Тэлевізар цалкам прыцягвае на сябе ўсю ўвагу.  Калі раней людзі дзяліліся гэтай увагаю між сабою, або бавілі час за кнігай, сёньня яны загіпнатызавана ўтаропіліся ў тэлевізар, у "яшчык", у "мутнае вока".  Некаторыя знаходзяць у сабе сілы вырвацца з гэтай аблуды - прынцыпова не глядзяць тэлевізар або нават выкідаюць яго - часам і праз вакно.  Аднак такім людзям тэлевізар і так нічым бы не пагражаў.

Часта чуюцца справядлівыя нараканьні, што беларусы - дэнацыяналізаваны народ, ня ведаюць і не шануюць сваю гісторыю, мову, культуру.  Велізарную ролю ў гэтым нацыянальным заняпадзе адыграла і надалей адыгрывае татальнае панаваньне ў тэлевізійнай прасторы Беларусі расейскіх тэлеканалаў.  Яны выхоўваюць ужо трэцяе пакаленьне жыхароў Беларусі.  Беларуская тэлевізія, што ніколі не задумвалася як нешта адметнае і самабытнае, выглядае як пародыя на расейскую і ніякай канкурэнцыі ёй скласьці ня можа.  Нават беларускае савецкае слова «тэлебачаньне» - гэта калька з расейскага «телевіденіе», гібрыднага перакладу з заходніх моваў.

Тэлевізар заняў сваё месца ў палітычнай, сацыяльнай і матэрыяльнай культуры беларусаў.  На золку тэлекультуры, у 60-я гады, калі тэлевізары былі рэдкасьцю, суседзі й знаёмыя сыходзіліся «на тэлевізар», прыбраўшыся нібы ў тэатар.  Тэлевізар стаў хадавым прадуктам беларускай прамысловасьці - добра купляліся нашыя «Нёманы», «Віцязі», «Гарызонты».  Беларуская апазыцыя марна дамагаецца часу ў тэлеэфіры, часам дзеля гэтага нават хадзілі «браць тэлевізію», а ўлады ўпікаюць апазыцыю ў тым, што, маўляў ёй - абы зрабіць карцінку для заходніх тэлеканалаў.

У наступным стагодзьдзі на зьмену тэлевізійнай хутчэй за ўсё прыйдзе культура кампутарная, што можа яшчэ болей паглыбіць створаную тэлевізіяй сацыяльную праблему - адчужэньне паміж людзьмі.  Застаецца толькі заклікаць самых сябе і ўсіх навокал - замест тэлевізара давайце часьцей глядзець у вочы сваім блізкім.

Сяргей Шупа
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org