border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Tаварыш

Са словам таварыш згадваеш пераменлівасьць моды: так бывае і ў лексыконе.

Асабліва зацёрся "таварыш", калі стаў адзіным унівэрсальным зваротам да людзей усіх саслоўяў.  Гэта быў савецкі тытул  роўнасьці, знак таго, што няма ні паноў, ні шляхты - усе таварышы.  Напачатку ў гэтым быў новы смак і новы шык.  Гэта было рамантычна.  Паэтычна.  Толькі ў Купалы гэта было "мой мілы таварыш, мой лётчык", а бальшавіцкі трыбун Маякоўскі ўжо зьвяртаўся да новага ўдзельніка грамадзкага дыялёгу: "Ваше слово, товарищ маузер".

Жанчыны таксама былі таварышамі.  Зварот "таварыш Сакалоўская" ўспрымаўcя як сама Сакалоўская ва ўборы мужчынскага пакрою.

Але кожны новы пінжак некалі становіцца старамодным.  Яго даношваюць хіба тыя, каму ён асабліва дарагі.  Ці - каму недаспадобы новае.  Ёсьць і мудры погляд на цыклічнасьць усякіх пераменаў.

Памятаю, у час актыўнага вяртаньня да словаў спадар/спадарыня, Янка Брыль падзяліўся са мною:  хай сабе вяртаюцца, але навошта ж на "таварыша" нападаць?  Яго нельга выціснуць зусім.  Пісьменьнік згадаў, што ў жывой народнай мове, у адрозьненьне ад афіцыйнай традыцыі, гэтае слова мае і жаночы род - таварышка, і дзеяслоўную форму - мы зь ім таварышуем.

Сёння таварыш у савецкім пакроі, як слова-зварот, адыходзіць.  Вяртаецца яго дасавецкі сэнс.  Нагадаю, корань гэтага слова "тавар" мае цюркскае паходжаньне.  Аддаўна усе тыя, што мяняліся таварам, мелі да яго агульнае дачыненьне і, увогуле, агульную справу былі й застаюцца таварышамі.

Алена Ціхановіч
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org