border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Тарашкевіца

Слова тарашкевіца няма ў Тлумачальным Слоўніку Беларускай Мовы.  Яго няма наагул ні ў якім беларускім слоўніку, нават і ў энцыкляпэдыі «Беларуская Мова».  Слова-прывід.  Слова-фантом.

Разам з тым - гэта безумоўна слова ХХ стагодзьдзя і абазначае яно рэальную зьяву - адзін з варыянтаў беларускай літаратурнай мовы.

Сёньняшні афіцыйны правапіс, які ўжываецца ў школах, афіцыйным друку, кнігавыдавецтве на тэрыторыі Беларусі, у супрацьлегласьць тарашкевіцы часам завецца «наркомаўкай».  Ён успрымаецца як нэўтральны, нічым не афарбаваны, усім прывычны ад школьнай лавы.  Тарашкевіца сёньня - гэта знак заангажаванасьці - сацыяльнай, культурнай, палітычнай.  Або таксама прыкмета нетутэйшай беларускасьці (зь іншай прасторы або зь іншага часу).

На пачатку стагодзьдзя, калі фармаваўся наш правапіс, ніякіх варыянтаў і альтэрнатываў не было.  Браніслаў Тарашкевіч зафіксаваў першыя здабыткі мовазнаўства ў 1918 годзе ў сваёй «Граматыцы».  Наўрад ці ён тады мог сабе ўявіць, што ад ягонага прозьвішча празь дзесяцігодзьдзі будзе ўтворанае новае слова...

Вось жа тады - на пачатку стагодзьдзя - Тарашкевічаў правапіс быў адзіны і натуральны.  Тарашкевіцай напісаная ўся клясычная беларуская літаратура - зь мяккімі знакамі пісалі Купала й Колас, Багдановіч і Гарэцкі, Жылуновіч і Чарвякоў.

Але ў 1933 годзе Савет Народных Камісараў БССР - у духу іншых павеваў таго часу - увёў дэкрэтам іншы правапіс.  На той момант нэўтральнай, усім звыклай быў менавіта правапіс Тарашкевіча, дапрацаваны іншымі моваведамі - Лёсікам, Станкевічам, Некрашэвічам, Байковым.  Ён быў натуральны як паветра, а ўжо на ягоным фоне новы правапіс успрымаўся як моцна палітычна афарбаваны - фактычна гэты правапіс ператварыў самабытную беларускую літаратурную мову ў нейкі беларуска-расейскі гібрыд.  Аднак з часам ён стаўся звыклым і нармальным, што нямала спрычынілася да заняпаду беларускай мовы наагул.  Такі стан рэчаў датрываў да нашых дзён.

На пачатку 80-х Тарашкевічаў правапіс вярнуўся зь нябыту.  Тады і ўзьніклі тэрміны-антыподы - тарашкевіца і наркамаўка.  Аднак антыподы яны ўяўныя: і адно і другое - гэта ўсё беларуская мова.  Настане час, калі беларуская мова зойме належнае ёй месца ў жыцьці краіны, і тады ўсе варыянты непазьбежна зьліюцца ў адзін.  Толькі настане гэта, як і шмат чаго іншага, ужо ў ХХІ стагодзьдзі.

Сяргей Шупа
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org