border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Талака.

Цёплае слова.  Наскае, даўнае.  Талака, думаю, ад сталкавацца, згаварыцца, прыйсьці да нейкага толку.  Талака -- гэта сумесная праца, як звычай дабрачынная ў сваёй аснове.  Талакой будаваліся беларусы.  Талакой жалі й касілі.  Песьня нагадвала гаспадару пра пачастунак:

Талачу, талачу -- не талочыцца,

Не даюць гарэлкі -- выпіць хочацца.

Гэта пра талаку вясёлыя выслоўі: згаварыўшыся й бацьку зьбіць можна, усім кагалам і бацька з жыгалам.

Горад Талачын на Беларусі ў гонар талакі -- талакой, відаць, узводзіўся.

Напярэдадні развалу савецкай імпэрыі ўзьнікла маладзёвая суполка "Талака", якая рупілася пра духоўнае адраджэньне, пра карані беларушчыны.  З "Талакі" выйшлі выбітныя грамацкія дзеячы, творцы літаратуры і мастацтва, уніяцкія сьвятары.

Рыгор Барадулін
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org