RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Свабода
Этымалёгія чалавечага жыцьця. Яна ідзе ад часоў нашых прашчураў у вечным змаганьні дабра і зла, волі й няволі, праўды й няпраўды. Добры, вольны й праўдзівы -- свабодны. Злосны, паднявольны й хлусьлівы -- несвабодны. Слова й паняцьце свабоды старыя як сьвет. Усё гэта -- знаныя ісьціны, якія ня шкодзіць паўтараць сабе штодня, гэтак як Беларускія вернікі штодня зьвяртаюцца да Бога з той самай малітвай: "Зрабі Свабоднай, зрабі шчасьлівай, краіну нашу і наш народ!" Клясычна, Свабода гэта адсутнасьць палітычнага і эканамічнага ўціску й абмежаваньняў у грамадзка-палітычным жыцьці. А неклясычна яна ў гэтым самым жыцьці Свабодка, Свабоданька і Свабодачка, Слабодка і Слабада. У сівой праславяншчыне гэтае слова гучала як СВЕБОДА. У сярэдневеччы Беларускі лексыкограф Памва Бярында напісаў, што Свабода гэта -- вольнасьць, свабоднасьць, наслаждзеньне, любадараваньне і любачэсьце. У 20-я гады нашага стагодзьдзя Вацлаў Ластоўскі вызначыў: Свабода -- свая воля, вольнасьць і дадаў найменьне носьбітаў Свабоды: СВАБОДНІК, СВАБОДНІЦА. У 70-я пазыўнымі беларускай "Свабоды" былі радкі з Купалавага верша, дзе ёсьць і такое: "Свабоднае слова, ты роднае слова, ты крыўды-няпраўды змагло, хоць гналі цябе, накладалі аковы ды й дарма -- жывеш, як жыло". Сяржук Сокалаў-Воюш
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |