RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Суполка
Суполка - слова, якое нават самім гучаньнем сьцвярджае сваю глыбінную беларускасьць. Прыстаўка су- стварае прыцягальнае поле нейкай еднасьці, зьяднанасьці, гармоніі. Прыслухайцеся - суайчыньнік, суграмадзянін, сугучча, суладьдзе, сумоўе, сусьвет. Пры гэтым у іншых мовах, дзе існуюць аналягічныя суполцы словы, гэтая су-яднанасьць амаль зьнікае: у польскай - спулка, у чэскай - сполэк. У расейскай мове нічога падобнага па гучаньню суполцы і аднакарэнным ёй словам няма, таму часам узьнікаюць забаўныя сытуацыі пры перакладзе. Так, у расейскамоўнай прэсе паняцьце суполка БНФ альбо не перакладаецца ўвогуле, альбо тлумачыцца як "пярвічная арганізацыя". Прыгадваю іншы забаўны выпадак, калі ў Вярхоўным Савеце ў пачатку 90-х нейкі намэнклятурны дэпутат абурыўся, што ў законе аб меншасьцях было ўжытае паняцьцё "нацыянальная супольнасьць". "Навошта нам гэтыя суполкі ў закон уводзіць?" - запытаўся пільны дэпутат. Гэты эпізод зусім не выпадковы, бо слова суполка выклікала ў партыйнай намэнклятуры часоў канца СССР заканамерную і абгрунтаваную падазронасьць. Мала хто ведаў, што ў 20-я гады суполка была цалкам нэўтральным словам і ўжывалася вельмі шырока. Вацлаў Ластоўскі ў сваім слоўніку прыводзіць наступныя прыклады: суполка шаўцоў, краўцоў, выдаўцоў. Дадам, што суполкамі называліся нават сялянскія каапэратывы. Але ў канцы 80-х гэтае слова, зноў уведзенае ў жыцьцё і мову маладымі адраджэнцамі, набыла трывалы вобраз нефармальнасьці. "Майстроўня", "Талака", "Тутэйшыя" - усё гэта былі суполкі, якія замацавалі за словам шлейф андэрграўнду і апазыцыйнасьці. Давершыла імідж зьяўленьне суполак БНФ. Ды й цяпер нікому ня прыйдзе ў галаву назваць суполкай калгас альбо групу чыноўнікаў, паколькі суполка -- гэта аб'яднаньне вольных людзей... Віталь Цыганкоў
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |