RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Сухоты
Cухоты. Гэтая хвароба падбіралася да беларусаў спакваля. У XIX стагодзьдзі яна забрала ад нас паэта Ўладзіслава Сыракомлю і Віктара Каліноўскага — старэйшага брата вялікага Кастуся. У XX стагодзьдзі на беларусаў абрынулася сапраўдная сухотная пошасьць: Максім Багдановіч, Іван Луцкевіч, Алесь Гарун, Цётка, Казімір Сваяк, Алесь Бурбіс... Сьпіс можна доўжыць і доўжыць. Пасьля сталінскіх рэпрэсіяў сухоты — ці не другі наймацнейшы ўдар па нашай інтэлігенцыі. Сухотнік, сухотніца, сухотны. Сынонім сухотаў, якога, дарэчы, не фіксуюць шмат якія беларускія слоўнікі — тубэркулёз. Яшчэ адзін сынонім — мадуха — запісаў на Полаччыне Вацлаў Ластоўскі. У бальшыні іншых славянскіх моваў слова сухоты гучыць так, як і ў нас. Народная этымалёгія цьвердзіць, што паходзіць яно ад сухога кашлю — аднэй з праяваў хваробы. У 1928 годзе ў Менску заснаваны і дагэтуль працуе Беларускі навукова-дасьледны інстытут вывучэньня сухотаў. Навука цьвердзіць, што рост сухотных захворваньняў почасту зьвязаны з пагаршэньнем умоваў чалавечага жыцьця. Гэты, калі можна так сказаць, баромэтар нельга падмануць ані паказчыкамі эканамічнага росту, ані прапагандысцкай рыторыкай. Канец XX стагодзьдзя ў Беларусі адзначаецца павелічэньнем колькасьці сухотнікаў... Сяржук Сокалаў-Воюш
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |