RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Суботнік.
Суботнік, калі тлумачыць даступна -- савецкае прыгоннае права. Чалавек працуе пяць дзён за мітычны заробак, а ў суботу працуе зусім бясплатна. Вось як сьціпла тлумачыцца гэтае прыгоннае права ў савецкіх даведніках: "дабрахвотнае і бясплатнае калектыўнае выкананьне якой-небудзь грамадзка карыснай працы ў нерабочы час". А вяршыняй усяго -- камуністычны суботнік: "бясплатная работа на карысьць грамадзтву ў нерабочы час як праяўленьне камуністычных адносінаў да працы". А ўсё, здаецца, пачалося зь бервяна, якое нібыта нёс сам Ленін зь лепшымі прадстаўнікамі пралетароў. Па ўспамінах тых, хто нёс гэтае бервяно з таварышам Леніным, было гэтулькі, што ні ў які пляц яны б ня зьмесьціліся. Аналягічная карціна з удзельнікамі нібыта штурму Зімовага палацу. І лягло гэтае бервяно на дзесяцігодзьдзі на плечы "гегемонаў" і "гнілой інтэлігэнцыі". Суботнікаў было мала, яшчэ ж і нядзельнікі былі. Яны дастасоўваліся да сьвятых дзён, асабліва да Вялікадня, Троіцы, Калядаў... Людзей саветызаваных ад вар'яцтва ратаваў хіба жарт. Быў і такі (а на суботніках працавалі "за таго хлопца" -- зноў жа, мітычнага хлопца): Малады муж кожны раз прыходзіў дадаому пад раніцу. На пытаньне жонкі "дзе быў?" адзін адказ -- "працаваў за таго хлопца". І вось аднойчы жонка ўзяла й прыйшла пад раніцу. Муж з рўнасьцю: "Дзе была?". А жонка: "А сёньня той хлопец за цябе працаваў". Думаецца, савецкія ідэёлягі ламалі галовы над тым, як бы зрабіць тыдзень васьмідзённым. Тады б ужо камунізм пабудавалі як піць даць. Рыгор Барадулін
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |