RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Струк
Струк - слова-загадка. Нягледзячы на тое, што ва ўсіх славянскіх мовах яно гучыць амаль аднолькава і паводле значэньня толькі ў баўгарскай і сэрбскахарвацкай мовах мае апрача асноўнага значэньня "плод некаторых расьлінаў" яшчэ "сьцябло, галінка", паходжаньне яго незразумелае. Прынамсі так цьвердзяць сур'ёзныя і аўтарытэтныя навуковыя выданьні. Напраўду, ніводнае зь іх не фіксуе таго значэньня слова, якое бытуе ці не ва ўсёй Беларусі. Струк - мужчынскі полавы чэлес, найчасьцей - дзіцячы. Выглядае, што якраз гэтае значэньне звузіла ўжываньне слова ў нашай тапаніміцы й антрапаніміцы, пра што я яшчэ скажу. Вытворнае ад "струк" - струкаваты - мае ў нашай мове тры тлумачэньні: які мае шмат струкоў, падобны да струка і кучаравы. З гэтым апошнім і была зьвязаная прозва бацькі Якуба Коласа - Міхала Міцкевіча, які меў кучаравыя валасы і адпаведную мянушку - Струк. Напэўна, ад падобнай мянушкі ўтварылася некалі прозьвішча Струкаў. Рыгор Струкаў - ваенны дзеяч часоў Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў з-пад Вяліжу. Расеец Дзьмітры Струкаў - мастак, археоляг і пэдагог ХІХ стагодзьдзя, які ў 1864 годзе наладзіў экспэдыцыю ў Беларусь, у часе якой зрабіў безьліч замалёвак нашых мястэчак, помнікаў архітэктуры, іншых збудаваньняў, а таксама твораў выяўленчага мастацтва, сярод якіх - Крыж Еўфрасіньні Полацкай - адна зь нямногіх мастацкіх выяваў гэтага хрысьціянскага сымбалю Беларусі. Міхал Струк - герой мінулай вайны з Мазыршчыны. У беларускай тапаніміцы гэтае слова досыць рэдкае. Струкачоў - вёска недалёка ад Кармы, і Струкі - каля Буда-Кашалёва на Гомельшчыне. Сяржук Сокалаў-Воюш
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |