border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Стома.

Ясная прастата, відавочнасьць слоўных сувязяў, чамусьці да часу схаваных ад цябе, адкрываецца заўсёды як вялікае дзіва.

Так атрымалася са словам стома - маміным прорзьвішчам, найменьнем іхняга немалога роду. Вельмі доўга асацыятыўнасьць неяк зашорана скіроўвалася на адно - беларускага актора Зьдзіслава Стому: ці не зямляк, ці не сваяк?

А цяпер нават дзіўна, як гэта жылі сабе паасобку этымалагічна тоесныя - прозьвішча-намінацыя Стома ды паэтычна-кніжнае стома "вялікая страта сілы пасьля цяжкое працы альбо душэўных мукаў". Можна меркаваць, што іх разьядноўвала актыўная функцыянальнасьць аднакаранёвых стомленасьць, утомленасьць, натомленасьць. Вось і сучаснае беларускае грамадзтва зноў спаралізавала беспрасьветная стомленасьць - ад невырашальных праблемаў, дробязных клопатаў, распаношанае гнюсаты й хамства. Стомленасьць стамляе, ператвараючы жыцьцё ў шэры будзень.

Выйсьце ж трэба шукаць у ахвярнай стоме, празь якую мы, беларусы, нарэшце мусім дайсьці да пераможнае радасьці. Спатрэбяцца немалыя высілкі, каб выпраставаць з апатычнае стомленасьці на выратавальную стому. Бо стома - гэта стан здаволенасьці пасьля значнае, рупнае, цяжкое працы. Стома - засяроджанасьць на сабе, калі ўся істота настроеная на адпачынак дзеля вяртаньня выдаткаванае сілы-моцы. Стома навальваецца, але ня здушвае, яна ўзносіць, уздымае, растварае ў слодычы адпачынку.

Сэмантычна раскошнае ды завершанае стома змушае да рамантычна-высокага асэнсаваньня беларускага прозьвішча, да якога й ты далучаны праз свайго хто ведае ў якім калене  продка.
 

Валянціна Мароз.
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org