border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Старасьвеччына

Старасьветчына -- слова зразумелае кожнаму беларусу. Ад яго патыхае памяцьцю стагодзьдзяў, магнацкімі замкамі й палацамі, шляхецкімі маёнткамі, засьценкамі і фальваркамі, гаспадарскімі сялібамі і вясковымі хатамі. Увесь побыт продкаў хаваецца ў гэтым слове з высакароднай сівізной у пасмах. Старасьветчына -- сантымэнт нармалёвага Беларуса.

"Ад некалькіх гадоў стала ў мяне звычаем выяжджаць на тыдзень-два ў які-колечы закутак Беларусі для апазнаньня роднай старасьвеччыны." -- пачынае першую ў нашай літаратуры фантастычную аповесьць "Лябірынты" Вацлаў Ластоўскі. Гэта быў 23-ці год, а ўжо праз колькі часу Андрэй Мрый укладае ў вусны бальшавіцкага кар"ерыста і недавучкі Самсона Самасуя словы пра старасьветчыну і іншае буржуйскае хаўбосьце. Скончылася гэта ўсё тым, пра што пісьменьнік Георгі Шчарбатаў напісаў: "Але па краіне магутным поступам ішла калектывізацыя, усюды рушыліся асновы старасьвеччыны."

Разам з гэтым руйнаваньнем зьнішчаліся народная мараль і памяць, ірваліся традыцыі, прыходзілі бяспамяцтва і бескультур"е.

Мінуўшчына, даўніна, нябыт, былое, даўняе, а агулам -- больш як два тузіны сынонімаў у нашай мове знаходзім на старасьветчыну, пры ўсяго двух вытворных: старасьвецкасьць і старасьвецкі.
Савецкае мовазнаўства праз увесь час імкнулася надаць слову старасьвеччына нэгатыўнае адценьне. Варта пачытаць тлумачальныя слоўнікі ў якіх побач з гэтым словам знойдзеш азначэньні: не сучасны, старамодны, адпаведны свайму (не цяперашняму) часу.

Але хіба не адпавядае цяперашняму часу старасьвецкая капліца, старасьвецкі парк, урэшце, старасьвецкі рэцэпт якой-небудзь стравы...

Канец стагодзьдзя пачаў вяртаць старасьвеччыне ейныя законныя правы. Праекты рэгэнэрацыі старых мястэчак, аднаўленьня разбураных помнікаў, спробы вяртаньня каштоўнасьцяў нарабаваных цягам фашыстоўскай і бальшавіцкай акупацыяў краю пачалі ўлучаць старасьвеччыну ў нашае жыцьцё а значыць вяртаць народу ўсведамленьне таго, што ён быў ёсьць і будзе гападаром абшараў з такой сучаснай і такой старасьвецкай назвай Беларусь.

Сяржук Сокалаў-Воюш.
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org