RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Спакуса

Яшчэ ад тых часінаў, калі Адам надкусіў ад забароненага яблыка, слова спакуса неадступна перасьледуе ягоных нашчадкаў.

Спакуса вабіць няўцямную малечу цягнуць у рот усялякую бліскучую і прывабную дрэнь, спакуса кліча падлетка, навісаючы над суседзкім парканам чужымі, а значыць і смачнейшымі, яблыкамі.

Спакуса не дае заснуць палкім юначым мроям, прымушаючы гадзінамі прастойваць ля нейкага вакна ці пад’езда, спакуса шчыміць пажадаю, спакуса вярэдзіць сквапнасьцю, спакуса соладка ные прагаю славы і ўлады.

Спакуса быць першым, абраным, багатым, самым галоўным, асноўным і неадольным, жаданьне валадарыць на вясковай вуліцы ці ў двары мікрараёну, панаваць сярод братвы Аўтаза, Сельгаспасёлка, Грушаўкі, ці выглядаць тым дзедам у вачох казарменых салаг і духаў.

Спакуса апярэдзіць спаборніка, падставіўшы яму нагу на спартовай дыстанцыі. Ці спакуса зьняславіць суперніка, ілжыва абвінаваціўшы яго ў тым, што не адолеўшы спакусу нібыта скраў на пасадзе кіраўніка краіны ажно цэлую скрыню казённых цьвікоў.

Спакуса пераконваць раз-пораз у тым, хто тут гаспадар, сувора грымнуць па стале ці па вуху калгаснага трактарыста, альбо ўладна паказаўшы на дзьверы абрыдлым замежным амбасадарам, а то й удала скарэктаваўшы кірунак залётнага паветранага шарыка.

Спакуса кіраваць плыняй ракі ці палётам футбольнага мячыка, “чэснымі гражданамі” , “вашывымі блохамі” ды іншым “атрэб’ем”.

Спакуса кіраваць гісторыяй, вызначаючы лёсы асобаў і лёс усяе нацыі, тым самым спакусіўшыся на ўладу, дадзеную толькі Богу.

Не ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад лукавага…

Рыгор Сітніца
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org