border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Соткі
 

Яшчэ ў Коласавай «Новай Зямлі», якая пісалася на пачатку гэтага стагодзьдзя, беларусы мералі запаветную зямлю маргамі, крыху раней - валокамі й дзесяцінамі.  Усё гэта - яшчэ дамэтрычная сыстэма, але калі суаднесьці гэтыя меры з сучасным гектарам, то яны выглядаюць нядробна - так, дзесяціна крыху большая за гектар, морг - гэта прыблізна дзьве траціны гектара.

У савецкі час ва ўжытак прыходзіць новая, драбнейшая мера - сотка, як сотая доля гектара - 10 на 10 мэтраў.  Але паколькі такі лапік зямлі для сялянскай нацыі -рэч несур'ёзная, слова замацавалася выключна ў множным ліку - соткі.  Так пачалі называць уласныя прысядзібныя, а пазней і дачныя надзелы, а ніяк не калгасныя.  Савецкая ўлада давала ва ўласныя рукі, як правіла, ад шасьці да дзесяці сотак.

Соткі - гэта працяг калектывізацыі, абезьзямельваньня гаспадара, гэта бізун і пернік усёй сацыяльнай палітыкі: нездарма стала замацаваліся выразы - прырэзаць соткі або абрэзаць соткі.  Або - адабраць соткі.

На сотках і сёньня выяўляецца ня столькі сялянскасьць і працавітасьць народу, колькі яго прага да выжываньня.  Жывіцца з сотак прыходзіцца ня толькі рабочым, настаўнікам ці пэнсіянэрам, але і былым старшыням Вярхоўнага Савету, чыя пэнсія чамусьці не падпадае пад індэксацыю.

Не сакрэт, што і мазалі беларускіх пісьменьнікаў нажываліся на сотках-дзялках той самай Лысай Гары, што ўвайшла ў славуты ананімны эпас 70-х гадоў.  Невядомы аўтар у мностве красамоўных дэталяў апісваў пагалоўнае пісьменьніцкае захапленьне градамі.  З усіх іх ён вылучае хіба толькі Яўгенію Янішчыц, пра якую кажа:

А паміж іншым, аніколі -
Ні ў сьветлых снох, ні наяву -
Ні свой палац, ні соткі ў полі
Ня лезьлі ёй у галаву.

Прападае на сотках, палівае соткі, апалола соткі, хай бы тыя соткі прапалі - гэта найбольш частотны лексыкон кожнага дня.

Соткі - гэта сынонім паняцьця "свая зямля" для беларусаў канца дваццатага стагодзьдзя.

Алена Ціхановіч
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org