RFE/RL |
Сочыва
Калі па ўсёй краіне плыве влдар сьліваў ды яблыкаў, што па ўсялякаму вараць ды вытрымошваюць гаспадыні -- выплывае аднекуль зь нетраў памяці смачнае слова -- сочыва. Чаму яно заблудзілася ў вякох і саступіла мейсца назове варэньне -- складана зразумець. Але варэньне -- усяго ж толькі варыва, нешта зваранае, яно не паўстае ва ўспамінах сонечным бурштынавым смакоцьцем. Яно прыземлена-пабытовае, ужытковае, не надоранае магіяй пераўвасабленьня... Зато сочыва бруеньне, жывая сіла й гаючасьць соку, скавіты пах і колер саду, ацяжэлага салодкім набыткам. Здаецца, і ня зваранае, не перапрацаванае тое сонца, утрыманае энэргіяй у яблыку. Здаецца, прамянее й сьвецціць радасьць ураджаю, а значыць -- нараджэньня. Але зьдзіўлёна ўспырхваюць вейкі ў гандляркаў як папытаеш сочыва -- і даводзіцца даўка прамаўляць: варэньне. Затое ўсоладзь п'юць хараство старавечных словаў маладыя павяртанцы да этнічных каранёў. Быццам бы апраўдваюць і ўваскрашаюць існыя значэньні ды гучаньні. Бывае, ганарыста залятаюць у кавярню й заказваюць -- печыва! сочыва! марозіва! Пакутніца-афіцыянтка адно вачыма міргае. Гэтак вось гаркавае моўнае варэньне мы гатуем зь цягам вякоў. Зварана-пераварана й страчана сапраўднасьць. Можа таму й кажуць пра непрыемнага чалавека ці зьяву: "не пераварвай!". Здаецца, ужо даўно нацыянальны арганізм ужо даўно ня здатны пераварваць нашае жорсткае варэннае трасянкі. А мы ўсё зацята варым, варэнім... Замест таго, каб насалоджвацца жывымі сокамі мовы ды зямлі -- сочыва. Антаніна Хатэнка
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |