RFE/RL |
Слова
Слова – што тут казаць – Бог. Цуд маўленьня – найвялікшы на гэтым сьвеце. У параўнаньні зь ім – нішто нават само стварэньне сьвету. Невымаўлены і праз маўленьне нявыяўлены сьвет – нешта настолькі жахлівае, што ня мае роўнажахлівага слова. Узьнікаюць і гінуць галяктыкі, запальваюцца і згасаюць сонцы, плывуць над сьнягамі аблокі, туляцца ў пушчах зьвяры, а ў водах рыбы. Але бяз слова ўсяго гэтага дзіва ніхто ня бачыць, не трымае ў памяці, не беражэ да наступнага дня. І хаця сьвішча вецер, трушчацца камяні, рыкае зьвер, аднак глухая цішыня няўцямнасьці пануе ўсюдна: усё ёсьць – і нічога няма. Жудаснае відовішча. Як быццам чалавек яшчэ не нарадзіўся, а ўжо памёр. Пакуль сьвет ня быў названы сьветам – яго як не было. Усё, што ёсьць – ёсьць толькі таму, што мае сваё слова. Адам, надаўшы істотам ды існасьцям імёны, вызваліў іх зь вязьніцы небыцьця. І тады ўсё, што было, сталася словам, а што не сталася словам, таго не знайсьці. Натуральна, слова – Бог. Спачатку было слова. Напрыканцы слова зноў ня будзе. Апакаліпсіс – гэта ня енк, лямант, мальба. Апакаліпсіс – гэта той дзень, калі нам усім разам адыме мову. “Гэта канец сьвету,” – пасьпее сказаць чалавек, але ўжо не пачуе ніводнага слова. Валянцін Акудовіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |