border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Шлях

Калі б мяне папрасілі адным словам выказаць увесь беларускі лёс зь ягоным бясконцым цярпеньнем і рэдкім шчасьцем, я б вымавіў слова шлях.  Бо шлях — гэта й ёсьць лёс, які мы праходзім шляхам жыцьця або шляхам гадоў.  Увесь наш досьвед і сэнс нашага руху па зямлі ўвабрала гэтае слова.  Таму цэлая беларуская газэта або кніга можа называцца кароткім знакавым словам «Шлях».  Каб адчуць гэтую знакавасьць, варта параўнаць шлях з нэўтральным, амаль службовым словам дарога.  Дарога вядзе да школы, а шлях — да асьветы, дарога — да лякарні, а шлях — да ацаленьня, дарога — да царквы, а шлях — да Бога.  Шлях, у адрозьненьне ад дарогі, не бывае просты, кароткі або лёгкі.  Ён — біты, пакручасты, Чарнобыльскі шлях. 

Па беларускім бітым шляху,
Б'ючы ў кайданавы званы,
Брыдзе чужынец, а зь ім побач
Хто?
    — Беларускія сыны!

Дарогі сыходзяцца, разыходзяцца і сыходзяцца зноў, шляхі разыходзяцца назаўжды.

Калі чалавек кажа: падкажыце, калі ласка, просты шлях, — гэта значыць, што ён не адчувае розьніцы з расейскім словам "путь".  Нельга сказаць, напрыклад, пра "русский путь", а пра "беларускі шлях" толькі й можна гаварыць.  Няма ў нас і вытворных, кшталту расейскага "путник", бо па нашым шляху ідуць усе беларусы — падарожнікі і дамаседы, старыя і маладыя, мужчыны і жанчыны, багатыя і бедныя.  Шлях наш — усіхны.  Таму недарэчна гучаць савецкія назвы беларускіх калгасаў і раённых газэт: "Шлях Леніна", "Шлях камунізму", "Сьветлы шлях".  Як, зрэшты, і назва заходнебеларускага часопіса "Шлях моладзі". 

Асабіста мне слова шлях уяўляецца дужым круглатварым і чарнабародым словам-царом, якое ўзвышаецца над сынанімічным шэрагам: дарога, тракт, шаша, гасьцінец, бальшак...  Шлях — вялікшы і мудрэйшы за іх.

Шмат хто скажа, што шлях беларусаў ляжыць да саміх сябе.  Але ніхто ня ведае, куды ён прывядзе.

Сяргей Дубавец
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org