border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Савет

Савет - па-свойму ўнікальнае слова ў беларускай мове.  Слова-паняцьце, слова-сымбаль, слова-знак.  Запазычаньне з расейскай, якое прыйшло ў нашую мову толькі як абазначэньне пэўнай структуры, стала абазначэньнем цэлай эпохі, ладу жыцьця. "За саветамі" - казалі і кажуць у Заходняй Беларусі, як "за немцамі", "за палякамі".

У слове "Савет" уся гісторыя Беларусі XX стагодзьдзя - савецкі, саветызацыя, антысавецкі, "саўковы".

У беларускай рэчаіснасьці Саветы зьявіліся, можна сказаць, раней чым у беларускай мове.  У 20-ыя гады ворганы кіраваньня яшчэ называліся нармальным словам Рада, а сама Беларусь, ці дакладней яе ўсходняя частка, была Радавая.  "Чырвоным рубінам зьзяе Радавая Беларусь на мяжы СССР і імпэрыялістычнага Захаду" - аптымістычна абвяшчаў лёзунг, дакладны адбітак часу.  Але паступова з працэсам саветызацыі жыцьця й мовы слова "савет" выцясьняе спрадвечную беларускую "Раду".  У 1927 годзе зьяўляецца газэта "Савецкая Беларусь", а пасьля пачатку працэсаў над "нацдэмамі" слова Рада ў савецкай Беларусі канчаткова становіцца сымбалем усяго антысавецкага і контррэвалюцыйнага.

Далей гэтае выразнае разьдзяленьне толькі замацавалася і дайшло да канца 80-х, калі новыя адраджэнцы адплацілі савету той жа манэтай.  Цяпер "савецкім" падкрэсьлена называецца ўсё расейскае й савецкае паводле сваёй сутнасьці й духу, а Радай - усё беларускае й міжнароднае.  Так, мы кажам Рада Бясьпекі ААН, Рада Эўропы, Рада БНР, але Савет Фэдэрацыі Расеі, Савет вэтэранаў і, нарэшце, на жаль, Вярхоўны Савет.  Памятаю, як у 1992 годзе падчас паартыкульнага абмеркаваньня тэксту новай Канстытуцыі Станіслаў Шушкевіч пераконваў дэпутатаў: сапраўды, няма слова "советовать" у беларускай мове, але савет настолькі замацаваўся ў нашай сьвядомасьці й рэчаіснасьці, што давайце яго пакінем.  Большасьць прагаласавала за Савет - гэта было знакам, гэта было сымбалем.  Беларусь і цяпер застаецца Краінай Саветаў.

Віталь Цыганкоў
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org