RFE/RL |
Самота
Наўрад ці яшчэ ў якой мове слова “самота” мае столькі ж, як і ў нас, сынонімаў альбо проста падобных па сэнсе словаў. Сум, нуда, жаль, роспач, маркота, скруха, паныласьць, смутак, жальба, шкадоба, ростань, туга…І гэта толькі тое, што згадалася адразу, а колькі засталося? Вось яшчэ адно – вусьціш. Той найвелькі стан бязьмежнай самоты, калі сэрца чалавека раптам працінае жах сьмерці і небыцьця. Але ці можам мы з гэтага казаць, што беларуская мова – гэта мова самоты? Мяркую, што можам. І на карысьць гэтага меркаваньня ўся беларуская паэзія, у якой, калі пільна ўгледзецца, няма нічога іншага, апроч жалю, тугі, смутку. Долю мы выбіраем самі, лёс нам наканаваны мовай. Мы ня можам быць іншымі ад таго, чым ёсьць нашая мова. І як бы калі шчасна не склалася для Беларусі гульня гістарычных падзеяў, і на які б заможны лад аднойчы не ўпарадкаваўся наш дабрабыт, мы назаўсёды застанемся самотным народам. Дарэчы, калі хтосьці староньні пытае, чаму гэта беларусы цураюцца роднай мовы, з чаго яны на злом галавы кідаюцца ад яе хоць у якую іншую, то я зазвычай удакладняю – яны не ад мовы ўцякаюць, а ад таго лёсу, які наканаваны ім мовай. Але і ня трэба ганіць тых, хто эміграваў ад нас у больш утульныя лёсы. Тыя людзі хутчэй вартыя шкадобы. Бо якая гэта пакута, жыць з сэрцам, набрынялым самотай, і не знаходзіць, колькі ў той мове не шукай, словаў, каб гэтую самоту вымавіць хаця б самому сабе. Нездарама ў нас кажуць: лёс на кані не аб’едзеш. Валянцін Акудовіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |