RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Шахматы

Старая беларуская шахматная школа спаткала свой "мат" – а мат па-пэрсідзку і арабску значыць сьмерць – пад нацысцкімі кулямі ў менскім і віленскім гета. Новых шахматыстаў разьмеркавалі ў Беларусь з Расеі ў рамках праграмы аднаўленьня разбуранай гаспадаркі. Тады ў Беларусь прыбылі гросмайстры Суэцін і Баляслаўскі, будучая віцэ-чэмпіёнка сьвету Кіра Зварыкіна, а таксама будучы міжнародны майстар Якаў Сакольскі, якому судзілася распрацаваць самы беларускі шахматны пачатак.

Калі ў сыцыльянскай абароне ці ангельскай партыі наперад сунуць пешку (якую па-беларуску, паводле Ластоўскага, можна называць таксама ніжнікам) ад слана (або вышніка), у францускай абароне – ад каралевы (або кралі), у стараіндыйскай – ад каня, але асьцярожна, на адну клетку, дык у беларускім дэбюце Сакольскага першым жа ходам пешка вырываецца ад каня аж на дзьве клеткі наперад – b4!

Дэбют Сакольскага – пачатак цалкам алягічны. Здаровы шахматны глузд патрабуе напачатку захопліваць цэнтар, а не мітусіцца на флянгах. Дэбют Сакольскага па вялікім рахунку – досыць прымітыўная пастка, разьлічаная на недасьведчанага праціўніка, які адкажа на ф'янкета белых каралеўскай пешкай, а пасьля абароніць гэтую пешку канём ды страціць яе. Два разы ў такую пастку ня трапіш. Дэбют Сакольскага – ірацыянальны, такі па-дзіцячаму авантурны, цемрашальскі.

Як трэнэр, Сакольскі дасягнуў большых посьпехаў, чым як тэарэтык. Ён выхаваў першага гросмайстра-беларуса, Віктара Купрэйчыка. Сьледам за Купрэйчыкам прыйшлі Барыс Гельфанд і Ільля Сьмірын. Другі, праўда, як прыйшоў, так і пайшоў, дакладней, паехаў у Ізраіль. Разам зь 90 000 беларускіх жыдоў. Ні той, ні другі дэбюту Сакольскага ўжо не ўжывалі.

Купрэйчык жа заслужыў славу нашай школе шахматаў – зрэшты, сёй-той кажа "шахаў", а слоўнік Насовіча фіксуе "арцагі" – іншым. Вось жа, ён памятны тым, што, адзіны зь сябраў Алімпійскага камітэту, наважыўся выступіць проці абраньня Аляксандра Лукашэнкі на старшыню гэтай установы ў 1997 годзе.

Жаданьне беларускага "шаха" ажыцьцявілася, але ніхто яшчэ не абверг той праўды, што надмернае імкненьне да арыгінальнасьці ўрэшце ўсё ж вылазіць бокам, як тая пешка ў шалёным-шалёным дэбюце Сакольскага.

Андрэй Дынько
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org