RFE/RL |
Сабака
Сабака -- жывёліна свойская. У незапомную пару прыручыў быў чалавек сабаку. І ад гэнуль там, дзе ёсьць людзі, заўсёды знойдзецца сабака... Ці то зь іранскіх, ці то зь цюрскіх моваў прабралася да нас само гэтае слова сабака. Адзін сабака, два сабакі -- мы гаворым па-беларуску, і нас пры гэтым выпрабоўвае (як некалі пісаў Дубавец) мужчынскі род нашага сабакі. Але ж сабака сабаку ня роўны. Ня з кожнага сабачаняці вырасьце пагрозьлівы сабачуга. Маленькага сабачку дык аж да сьмерці зваць будуць шчаняткам, а можа цюцькам, цюлікам -- пяшчотна й па-свойску. І як тут не прыхінуцца, ня зьблізіцца да чалавека... Нездарма ж кажуць, што сабака -- найлепшы чалавеку прыяцель. Людзі, праўда, ці раз на нашых вачох выяўляюць сваю падступнасьць -- вытнуць сабаку кіем, ці вышлюць паміраць у космас... Або возьмуць імя гэтае -- сабака -- і пусьцяцца ганіць ім розных нягоднікаў, злосьнікаў і шкоднікаў. Пры чым тут сабака? А пры тым, што не адкажа... Словам, жывецца сабакам па рознаму. Ёсьць нешчасьліўцы, а ёсьць і лёсікі. У нашым стагодзьдзі беларускія сабакі асвойталіся ў гарадзкіх кватэрах. Як быў раней сабака ільвом на сваёй вуліцы, так цяпер прынамсі на сваім паверсе. Выгадаваўшы сабаку, я добра разумею нашага паэта Язэпа Пушчу -- у варунках савецкае свабоды ён пісаў лісты да сабакі: "На што ж мне падхалімам быць, крывіцца і ў хмары ўрэзвацца чырвоным буслам".Такога ня скажаш першаму-лепшаму, пра гэта дзелісься зь блізкім. Язэп Пушча меў сябра. Сябра, які слухае, здольны зразумець і ня ўмее выдаваць. Юрась Бушлякоў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |