RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Рубель

Цяпер, зблудзіўшы ў папаяровай пустыні пустых "рублёў", што мільённа задурваюць нам галовы, я мройна згадваю іншую, існую стыхію, утрыманую рублём -- стыхію беларускага разнатраўя.

Калі бухматыя купы салодкага водару -- аж вінецца ў галаве -- плывуць у тумановую далеч вечароў, закалыханыя задумнай песьняю. Толькі чутныя ў празрыстай цішы працяжныя жаночыя галасы: "Яне! Ты рублём добра вазок уціснуў? Каб жа мы не скаціліся!"

А рубель спрытна ўкладаецца акурат пасярэдзіне пахучага й мяккага раю і ахоўвае, беражэ раўнавагу. Звычайная жардзіна, якой падпарадкуюцца ганарыстыя снапы й залатая салома, і захмялелае буяньне ды раскоша зёлкаў, палеглых у спакой, каб не скаціцца, не зваліцца.

Куды ж мы коцімся-валімся ўсе грамадою пад уціскам бязважкага, амаль нерэальнага "рубля"?..

Пра тое думаць ня варта! Бо ад нашага думаньня анічога тут -- у прасторы "рубля" -- не залежыць. Ходзіць ды ходзіць сябе панам "рубель", які даўно стаў голым жабраком. І да свайго аднайменьніка, што трымае копы здабытку, яму, няўклюду і носам не дастаць! Бо грошы нашыя, зараз "рублёвыя" -- суцэльнае расьцярэб'е.

І мы, блуканцы па сьвеце ў заробках, уцекачы ад "рубля", што прыціскае да долу прыніжаньня ды зьнявагі...

Як жа тут не згадаеш настальгічна-сапраўднае значэньне слова рубель -- сілу, моц і ўпартасьць? Як не засумуеш па тым ладзе-складзе, калі шчыльненька, сьцяблінка да сьцяблінкі рублём вяршыцца заможнасьць. Якую ня дай Божа растрэсьці!

Гэтак, пэўна, і грошы маюць здольнасьць зьбіраць, назапашваць энэргію народа, укладзеную ў працу. Але нешта важнае, істотнае мы згубілі, растрэсьлі, калі расьцярушвае годнасьць "рубель". Мабыць, не адчуваем тае залатое сярэдзіны, дзе чынна й горда дзеіць сваю місію рубель.

Антаніна Хатэнка
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org