RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Рокаш

У мове ХХ стагодзьдзя рокаш – паўстаньне, мяцеж, забурэньне – слова архаічнае і досыць рэдкае. Ва ўжытак яно вярнулася зь лёгкай рукі Караткевіча.

Рокаш сваім гучаньнем выклікае ў памяці ланцужок вугорскіў словаў: чардаш, Лаяш Кошут, Каспар Бекеш і, нават, гуляш.

Магчымы й заходнеэўрапейскі сьлед: прыметнік raucous ув Ангельшчыне азначае: пранізьлівы, рэзкі й гэтак далей.

У 80-х гадох у Наваполацку малады бард-адраджэнец падказаў тутэйшаму рок-гурту як бы аднакарэнную назву рокаш. Ці не таму і гурт набыў у сваім часе вядомасьць.

Юныя паэты сьцьвярджаюць свае этымалягічныя падыходы, як у балядзе аднаго пачаткоўца “Рокаш”:

“…І з рокатам ужо імчаць паўстанцы
Па непакорнай ранішняй зямлі”.

Спадар Станіслаў Суднік (лёс вайскоўца закінуў быў яго ў Казахстан) засноўвае там беларускамоўнае выданьне “Рокаш”. У час чужынскага зьдзеку зь беларушчыны гэта быў крык, але ня енк, што жыве Беларусь. Гэта быў выклік.

Пад час новага наступу, ужо на Беларускую дзяржаўнасьць і мову, спадар Суднік бярэ пад сваю апеку газэту “Наша слова”.

Менскае “Наша слова” – ворган ТБМ – палкоўнічкі, аднак, пахіснулі, хістанулі, зьнішчылі.

Спадар Суднік аднавіў выданьне ў Лідзе – бліжэй да прашчуравых замкаў, дзе ў змрочных лёхах колісь высьпяваў не адзін рокаш.

Марудна, часам неўпрыкмет, слова набывае бунтоўнае моцы. Прыўкраснае слова рокаш.

Павал Марціновіч
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org