RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Рэвалюцыя

Слова “рэвалюцыя” за савецкім часам звычайна ўжывалася побач са словам “кастрычнік”. Нагадайма, што “рэвалюцыя” паходзіць ад лацінскага “revolutio”, што ў перакладзе азначае “пераварот”. Зьдзейсьніўшы яго, бальшавікі ахрысьцілі спакойны восеньскі месяц, калі, здаецца, прырода адпачывае, пачаткам новай эры.

А каб не было сумневу, увялі дэкрэтны час і новы каляндар, паводле якога кастрычніцкая рэвалюцыя надарылася… у лістападзе.

Як мэлянхалічна пісаў Купала з нагоды 10-годзьдзя ўтварэньня БССР: “Рэвалюцыя. Воля. Верх узяў пралетарый. Беларусь як жабрачка брыдзе зь “бежанства” хмарай”.

Імем рэвалюцыі раскулачвалі й высылалі зь Беларусі ў Сібір сялянаў, зьнішчалі нацыянальную інтэлігенцыю, мову, гісторыю, выпраўлялі беларускіх хлопцаў “выконваць інтэрнацыянальны абавязак у Аўганістан”.

Паступова рэвалюцыя зрабілася штампам – звычайным, шэрым, як той восеньскі дзень, калі масы людзей у шэрай вопратцы шпацыравалі пад чыровонымі штандарамі перад аднолькавымі трыбунамі ў тысячах аднастайных з выгляду савецкіх гарадох. З вышыні трыбунаў масы віталі, так бы мовіць, правадыры рэвалюцыі – мажныя, пешчаныя, з азызлымі тварамі. І ня было ў рэвалюцыі, як сьпявалася ў аднэй савецкай песьні, cканчэньня…

Потым была “перабудова”, якую таксама называлі рэвалюцыяй.

А наогул, дваццатае стагодзьдзе атрымалася багатым на рэвалюцыі – навукова-тэхнічную, кампутаровую, сэксуальную. Савецкага Саюзу гэты рэвалюцыйны “бум”, як быццам, не закрануў. Тлумачальны слоўнік беларускае мовы да слова “рэвалюцыя” дае такі прыклад з часопіса “Беларусь”: “Аўтаматы сыстэмы Чарвені для набіўкі запалкавых карабкоў зрабілі цэлую рэвалюцыю на камбінаце”.

А напрыканцы стагодзьдзя выбухнулі сьпеўная рэвалюцыя ў краінах Балтыі ды аксамітная – у Чэхаславаччыне. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Віталь Тарас
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org