border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Рэха

Уся гісторыя продкаў Рэхам адгукаецца ў нашчадках.  Часам гэтае Рэха прыемнае й шчаснае, а часам, як прыкладам, у нас - горкае й балючае.  Рэха Полацкай зямлі.  Рэха Вялікага Княства і Беларуска-Польскай канфэдэрацыі - Рэчы Паспалітай.  Этапы нашае велічы, якія толькі ў выглядзе Рэха дакаціліся да Расейскай імпэрыі і ейнага пераемніка СССР.  Ёсьць у гэтым Рэху і свая лыжка мёду, але й мёд гэты - таксама Рэха.

Слова Рэха прыйшло да нас з грэцкай праз лацінскую й нямецкую.  Там яно было эхам, але недзе на парозе Беларусі затрымцела ўсхваляванае слова і падхапіўшы вібрант -р- пачулася народнаму вуху як Рэха.

Слабое, а найчасьцей гучнае й раскоцістае яно даносіць да нас сьмех, сьпеў, гамонку, роспач і крык пра дапамогу.  Рэха заўсёды эмацыйнае і мне часам нават дзіўна, што яно прыжылося ў ціхмяных, параўнаўча зь іншымі - скупых на адкрытыя выбуховыя эмоцыі Беларусаў.  Гэта, дарэчы, чуваць ва ўласнабеларускіх адпаведніках Рэха - водгук, водгульле, водгалас, водгаласак, голс, адгалосак, адгалосьсе, розгалас, адпеў, пошчак, водзыўкі, адгук.  А вось, ізноў такі - запазычаны адпаведнік Рэху - рэзананс гучыць ужо больш жорстка, больш апантана.  Рэха блізкае да словаў брэх, грэх.  Вытворныя ад рэха - рэшыць, разрэшыць.

У параўнаньні з расейскім эхом - мяккім, згубленым у моўных цянётах, нашае Рэха напоўненае нейкім магічным унутраным зьместам.  Сядзьце самотна ў пакоі і скажыце два гэтыя словы з інтэрвалам.  Эхо...  Рэха...  А потым шчыра прызнайцеся самому сабе, якое з двух вам бліжэй, якое больш зьмястоўнае, больш глыбокае.  Магчыма, у адказе вам адчыніцца сакрэт вашае нацыянальнае прыналежнасьці...

Некалі гістарычным Рэхам для мяне была Беларуская Народная Рэспубліка, пакуль жыцьцё не пакруцілася іншым бокам.  Рэха стала явай, а гэта значыць, што Рэха, створанае нашымі продкамі, заўсёды мае магчымасьць стаць рэальнасьцяй для нашчадкаў.

Сяржук Сокалаў-Воюш
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org