border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Разхадуха

Апошнюю чарку за бяседным сталом у розных народаў спрадвек называлі па рознаму. Нашы суседзі, палякі, пілі "czapkowego", расейцы -- вялікія аматары ўкленчыць шкляному богу -- мелі нават некалькі назваў: пілі чарку "страмянную", пры стрэмені, пасьля чаго госьць мусіў закінуць нагу на каня, пілі й "на пасашок", стоячы ў парозе, пілі й "аглаблёвую", пры возе.

Беларусы ж апошнюю чарку ахрысьцілі бадзёрыста -- "разхадуха", выпіўшы якую, павінныя былі разыходзіцца па хатах.

А паколькі ў савецкай імпэрыі час ад часу арганізоўваліся кампартыйна-паспалітыя рушэньні супраць п'янства, то слова разхадуха апынулася ў разрадзе крамольных і не патрапіла ў наматыўныя слоўнікі. А шкада. Бо ня маючы свайго, прыходзілася хадзіць у пазыкі да чужога дзядзькі. І сёньня на дзяржаўным радыё можна пачуць саладжавую песеньку ў выкананьні псэўдафальклёрнага гурту:

"Чарка "на пасашок" -- на марозе кажушок,
А за ёю новая -- чарка "аглаблёвая"..."
Зрэшты, і апошніх чарак можа быць некалькі. Асабліва, калі сабралася добрая сябрына, не апарожнены дарэшты посуд на стале, а над душою, як гасьцінная гаспадыня, стаіць у думках прыказка: "пі ды еш, бо як памрэш -- калом не ўвапрэш".

Пашануйце знаёмых, выпейце на агульнапрыняты "пасашок", а калі застольле й сапраўды мае скончыцца, узьніміце чарку-"разхадуху" за веліч і сілу беларускага духу.

Міхась Скобла
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org