border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Радыё

Радыё.  Адрэдагаваныя хваіны з чашачкамі й дратамі прыйшлі ў беларускія месты й мястэчкі ў 30-я гады.  Аблавухія чорныя грыбы рэпрадуктараў вырасьлі над пляцамі.  Радыё - яно й сьпявала, яно й чытала вершы, яно паведамляла навіны, а болей за ўсё агітавала за савецкі рэжым.  Гэта ж бабка казала - пры новым рэжыме.

Радыё склала сур'ёзную канкурэнцыю пеўню.  Па ім, па радыё вызначалі час, радыё слухалі для супакою настрою.  Пра гэтае нават папеўка - «Мая мілка захварэла, ледзь нагамі рухае - толькі выйдзе на парог, радыё паслухае...»

Пасьля вайны кожнае, бадай што, трэцяе слова - радыёслоўе - было «Сталін».  Жылі бедна, бацька загінуў, а тут на ўсю сьцюдзёную хату - «Сталін, Сталін, Сталін...» - араторыя.  Мама вырывае вілку з разэткі ды толькі абрывіста: «...Сралін».

У 60-я праз тры дні паўтаралі літрадыёмантаж, названы вершам Максіма Танка «Выканана партыі заданьне».

Найвялікшай крамолай лічылася слухаць радыёгаласы - чужое радыё, якое казала праўду пра імпэрыю зла.  Мацнеў ідэалягічны маразм, мацней прапагандысцкі голас радыё.  Ажно на радыё Ўладзімеру Юрэвічу, які выдатна вёў перадачу «Жывое Слова», дзеці прыслалі загадку: «Ня піўшы і ня еўшы, крычыць, як ашалеўшы. Хто? - Беларускае радыё».

Рыгор Барадулін
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org