RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Рада
Рада. Адно з словаў, якое вызначае цывілізацыйны кантэкст Беларусі. Слова рада - старабеларускае, запазычанае праз польскую зь нямецкай мовы. Яно прыйшло ў Беларусь у пару эўрапеізацыі, калі нашая краіна -- Вялікае Княства Літоўскае -- далучылася да заходняй палітычнай культуры. Галоўны кіраўнічы ворган дзяржавы атрымаў назоў Рада княства. Гарадамі кіравалі мястовыя рады, у іх засядалі райцы на чале з бурмістрамі. Ад слова рада вытварылася шмат іншых - радзіць, нарада, парада, дарадца, раднік, радны, даць рады, няма рады. Але нашыя старадаўнія Рады зьніклі разам з нашым княствам. У ХХ стагодзьдзі, на зараньні новай палітычнай эпохі на нашых землях зноў узьніклі Рады -- Беларускай Рэспублікі. Разам зь імі завяліся і ўсходнія адпаведнікі Радаў -- Саветы. Саветы прыйшлі разам з расейскай рэвалюцыяй. Самое слова савет у расейскай мове не сваё -- яно прыйшло з царкоўнаславянскай як калька з грэцкага, бізантыйскага арыгіналу. Палітычнае супрацьстаяньне Радаў і Саветаў ва ўмовах Беларусі адлюстроўвала барацьбу эўрапейскай і бізантыйскай палітычных традыцыяў. Перамагла ўрэшце другая, і таму даўгія гады ў беларускай мове панавалі Саветы. А вось нашыя суседзі гэтую барацьбу выйгралі. Украінцы і палякі ўсе саветы называлі радамі, літоўцы -- тарыбамі. Толькі дысыдэнты і эміграцыя пакідалі за расейскай зьявай расейскі назоў. Тое самае адбываецца сёньня і ў нас. Усё беларускае, замежнае, усясьветнае - рады. Усё савецкае ці постсавецкае -- саветы. Сёньняшні законны парлямэнт -- Вярхоўны Савет Беларусі -- гэта апошні атавізм савецкага ладу. Гэты назоў мае адыйсьці разам з стагодзьдзем, якое яго спарадзіла. А ў новым стагодзьдзі адгорнем новую старонку. Дамо рады. Сяргей Шупа
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |