RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Пуга

Гнуткая ядлоўцавая кужаліна ці пугаўё з прывязанай сырамяцінай -- гэта і ёсьць пуга. Што, пэўна ж, займела свой род ад слова пужаць. І хоць бальшыня з нас пужаныя, ды хочацца верыць, што ня ўсе мы запалоханыя.

Посьвіст сырамяціны помны нам, асабліва вяскоўцам, ад малых гадоў. Пужкі са сьвістам апускаліся на азадкі рагатай скаціны, на сьпіны задыханых коней, якіх прысьпешвалі балаголы, седзячы ў грузных павозках. Бо менавіта пастухі й фурманы мелі свае пугі й валодалі правамі на карыстаньне імі.

Аднак некаторыя лупцавалі бедную скаціну вельмі жорстка й бяспрычынна -- ці то з уласнай дурноты, ці то з плебейскай фанабэрыі.

Так бацьку майго люта біў фашыстоўскі баўэр у Нямеччыне, а пасьля, разьюшаны ад сівухі, ён сам няшчадна біў маю маці. Затым ужо білі мяне.

Цяпер б'юць маіх знаёмых на мітынгах, і сам я, бываючы ў дрэнным гуморы, раблю прачостку сваёй шкодлівай дачцэ.

І ўжо ня важна -- хто каго й чым б'е: пугаю, дубінкаю, кулаком ці абразьлівым словам.

Няўжо бяз пугі мы ня можам і ня хочам зрушвацца са сваіх мейсцаў. Дарма, што 15 гадоў запар даводзілі нам пра свабоду й дэмакратыю. Аказалася -- марна й безвынікова. Як пугаю па вадзе.

Словам, бяз пужкі ў нас зноў застой.

О, фурманы, возчыкі, пастухі, пагоншчыкі -- ня выпускайце з рук пужак сваіх! Каб не застойваўся чалавек! І не затойваўся народ.

Доўгая і пякучая як памяць, сырамятная пуга ды не дасьць супыну вечнаму руху.

Леанід Галубовіч
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org