RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Прыватнік.
Лацінскае слова ptivatus - прыватны, неафіцыйны, пазбаўлены пасады, асаблівы, асабісты, хатні. Адсюль і прыватнік - самастойны, самавіты, прадпрыемец, гандляр, спэц у любой прафэсіі, які ня зьвязаны зь якім бы там не было прадпрыемствам, з дзяржаўнай службай. Прыватнік зазвычай выконвае індывідуальны заказ для пэўнай асобы альбо для якога калектыўнага заказчыка. Прыватнік - перш за ўсё, самастойны і незалежны гаспадар. Прыватнікі, як і аднаасобнікі, саматужнікі, былі як ня першымі ворагамі калгаснага прыгоннага ладу. Прыватнікаў імкнуліся абкласьці такімі падаткамі, каб зьнішчыць іх як канкурэнтаў розным майстэрням ад дзяржавы. Бо прыватнікі дбалі пра якасьць. Часьцяком прыватнікі насілі лягерныя ватнікі, а дзяржслужбакі - кісялёвыя фракі. У Беларусі адбылася сваеасаблівая прыватызацыя. Як назваць яе - ці партызанскай, ці цыганскай, як на конскім базары? І з'явіліся нязвыклыя прыватнікі - некалькі ўладатрымцаў прыватызавалі цэлую дзяржаву. Гэта ўжо прыватнікі новага кшталту. Гэта, як некалі называлі працаўнікоў адпаведных ворганаў, -- "людзі асобага складу". Рыгор Барадулін.
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |