RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Прапіска
Прапіска - знак і штамп савецкага прыгоннага права, калі толькі дзяржава вырашае, дзе чалавек мае права жыць. Дзяржаве было выгадна, каб сяляне працавалі ў калгасах за "палачкі" - і сяляне ня мелі пашпартоў, а значыць, не маглі разлічваць на гарадскую прапіску. Маглі разлічваць толькі тыя, хто прызджаў у горад па дзяржаўнай патрэбе - зноў жа на цяжкую ці спэцыфічную працу. Напрыклад, у міліцыю ці ахову турмы вяскоўцаў бралі і бяруць. Патрэбная прапіска надавала чалавеку, лічы, шляхотнае званне -- з-за прапіскі жаніліся і выходзілі замуж, што надзвычай пашырыла практыку шлюбаў па разліку. Такія шлюбы, праўда, часта сканчаліся разводам і перадзелам мэтраў . "Прайдзісвет!" ці - "Аферыстка!" - неслася услед тым, хто пакідаў няшчасныя гарадскія сем"і ля разбітага карыта . Зрэшты,прапіска, як і ўсё ў дзяржаве, прадавалася і куплялася. Аднаслоўныя аб"явы гучалі так: прапішу. Нідзе не прапісаны чалавек стаў ізгоем грамадства. Для такіх вынайшлі спецыяльную мянушку - бомж . У бамжы была простая дарога тым, хто меў хоць пару гадоў прапіскі "на нарах". Як бамжы, так і прапіска перайшлі сённяшняй Беларусі ў спадчыну: збавіцца і таго, і другога нялёгка. Толькі моцная эканоміка і цывілізаванае заканадаўства даюць чалавеку магчымасць выбіраць, якое месца лічыць сваім домам. Алена Ціхановіч
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |