RFE/RL |
Праца
Пра грэцкае паходжаньне слова “праца” сучасныя беларускія слоўнікі чамусьці не паведамляюць. Мо таму, што заморская госьця дарэшты зьбеларусілася і абрасла слоўцамі-атожылкамі як стары пень – апенькамі. Працавіты, выпрацоўка, працоўны, беспрацоўны, супрацоўнік. А мудры Насовіч падае яшчэ з паўтузіны словаў, ад якіх нашыя вушы ўжо пасьпелі адвыкнуць: працаваньне, працаваны, працавітка і, нават, працавітачка – гэтак называлі маладзіцу, у якой работа спорылася ў руках і якая за бяседным сталом высьпеўвала: Гарэлачкі, акавітачкі,
Завіхаліся людзі на ўласнай зямлі, даглядалі сваю гаспадарку, і адносіны да працы былі паважныя, самавітыя. Працуем – смак чуем, праца з балота – робіць залота, праца гадуе – а лянота марнуе… Ды зьявіліся калгасы, і час, праведзены ў полі ці на таку, стаў называцца “працадзень”. Паводле колькасьці працаднёў дзяржава вызначала, каго павесіць на дошку гонару, каго ўзнагародзіць мэдалём за “Працоўную доблесьць”, а каго і зрабіць, нават, Героем сацыялістычнай працы. Слова “праца” уваходзіла ў набор абавязковых ідэалягемаў, якімі камуністычная партыя тлуміла людзям галовы. Любы кіраўнік працоўнага калектыву мусіў мець чырвоную кніжачку за пазухай і ведаць што і як гаварыць у мікрафон ці перад камэрай. Як той прараб зь верша раньняга Уладзімера Някляева: Давай пішы з абзаца, ці як у вас там звычна
Лёзунгі пабляклі, ідэалягічна падкаваныя прарабы сышлі на пэнсію, і словы, што ўслаўляліся раней, сёньня нямодна падпіраць клічнікамі. Але ў адным выпадку звычайнае слова “праца” усё ж заслугоўвае на вялікую літару. Гэткі назоў мела зэльвенская раённая газэта, дзе зрэдку зьяўляліся вершы Ларысы Геніюш. Яшчэ пры жыцьці аўтаркі. Міхась Скобла
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |