RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Постаць

Яшчэ зь вясковага дзяцінства помню -- зіма, шарая гадзіна, а ты адзін у хаце, замкнуты знадворку, бездапаможны, галодны, сплаканы. Усё ўзіраешся ў сутоннае вакно, і, вой, як ёкае тваё дзіцячае сэрца, калі раптам за шыбаю прамільгне знаёмая постаць маці або бацькі. Гэта і ёсьць твае найпершыя постаці.

Па часе давядуць яны табе, што ўсякае жыцьцё даецца з боскай ласкі. І ўжо Бог стане той тваёй патаемнай постацьцю, якая жыцьме ў табе толькі за кошт веры. І будзе велічнай нагэтулькі, наколькі моцнай будзе гэтая вера.

За згаданымі трыма зьявяцца постаці тваіх школьных настаўнікаў, якія ў сваю чаргу адкрыюць табе постаці слынных людзей навукі, культуры й гісторыі. Сярод іх будзе шмат чужых і часовых імёнаў. Такіх як Іван Грозны, Сувораў, Маркс і Энгельс, Ленін і Сталін, Дзяржынскі...

І ўсё ж паступова, як з туману, пачнуць выяўляцца й свае, пасоўваючы чужых наўзбоч памяці. Так увойдуць у тваё жыцьцё Францыск Скарына, Мікола Гусоўскі, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч, Максім Багдановіч, Ларыса Геніюш, Уладзімер Караткевіч.

Больш за 40 гадоў мінула з той шарай зімовай гадзіны... І цяжка паверыць, што пішу я гэтыя словы ў Менску, у сваёй кватэры на вуліцы Кастуся Каліноўскага, што ў мяне ёсьць дачка пяціклясьніца, зь якой можна своеасабліва пакаламбурыць наконт яе падлеткавых узаемаадносінаў:

-- Каго любіш? -- пытаюся.
-- Люблю Беларусь! -- не міргнуўшы вокам, какетліва вольнічае яна.
-- Тады ўзаемна. -- кажу я не без гіроніі, але з падтэкстам.

Так, спакваля, у чалавечым жыцьці пасўстае і самая важная постаць -- Айчыны.

Леанід Галубовіч
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org