RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Піва
Халоднае, сьвежае, неразбаўленае, густое, бурштынавае, бочкавое, пеннае - памятаеце рэкляму: пейце піва пеннае! Што добра пад піва? Cушаны лешчык, cалёны абаранак, вараныя ракі, сяброўская гутарка пра ўсё на сьвеце. Піва прыдатнае для ацэнак: зь ім піва ня зварыш - не дагаворысься, не паразумеесься. А вось выправіцца "да Абрама на піва" значыць - да праайцоў, на той сьвет. Хоць на тым сьвеце, паводле наяўных зьвестак, піва няма - там амброзія (тым, хто заслужыў). У Бібліі піва ня згадваецца ані разу, хоць у Чэхіі можна купіць куфаль з тэкстам піўнога варыянту малітвы Ойча наш. Піўніцай на пачатку ХХ стагодзьдзя ў Беларусі называлі адмысловы склеп для захоўваньня піва, квасу, малака, агародніны; піўніцы былі драўляныя і мураваныя. Піва з піўніцы, пэўна, смачнейшае, чымся зь сёньняшняй жалезнай лядоўні. Бровары - даўняя прыкмета беларускіх мястэчак. Неяк адзін слуцкі патрыёт хваліўся: раней казалі «піва няма, толькі слуцкае», а цяпер - наадварот. Піва ня ёсьць нацыянальным напоем для беларусаў, як для чэхаў ці баварцаў, дзе вараць тысячы гатункаў і выпіваюць сотні літраў за год, наладжваюць піўныя сьвяты ды піўныя путчы. Але ў Беларусі апошнім часам піва становіцца прадметам нацыянальнай гордасьці: наша піва - лепшае за расейскае, смачнейшае за польскае, таньнейшае за літоўскае. Піва - паказчык таго, што ўсё ў парадку, паціху, як цяпер кажуць - нармалёва. Хадзем на піва! Аляксандар Лукашук
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |