RFE/RL |
Пекла
У 37-м годзе, за Сталіным, рыхтавалася чарговае прызнаньне ў любові ад чарговага шчасьлівага савецкага народу. На гэты раз меліся біць чалом правадыру беларусы. Але іхнае прызнаньне пад пільным вокам выдавала на дывэрсію: на вялікай чырвонай кнізе золатам было выцістнута “Вялікаму Сталіну ад беларускага народа”. Адпаведныя службы зьмікіцілі, што загаловак будзе чытацца ў Маскве, і ў саюзную сталіцу “ад” беларускага народу не паехаў. Паехаў “от”, дзеля якога ўвесь эпічны ліст працоўных быў перакладзены на расейскую мову. Так бацька народаў і не зазанў нашага пекла, напісанага шасьцю і падпісанага двума мільёнамі грамадзянаў савецкай Беларусі Пакуль ліст выдрукавалі 20-тысячным накладам, двое з аўтараў і сотні тысячаў падпісантаў ужо сядзелі. Кожны пякельнаю працаю ў кар’еры ці на лесапавале набліжаў прыйсьце камуністычнага раю, кожнага ганялі, як Марку па пекле. Гіены вогненай, дзе гаспадарыць пачварны Люцыпар з паплечнікамі-пякельнікамі, палохалі дзяцей і пужаліся самі. У пару антытытунёвай кампаніі ў клюбах вывешвалі транспаранты “Хто курыць – таго да пекла тураць, а хто нюхае – той сам да пекла трухае”. Адна вясковая бабулька называла могілкі раем і пра пярэбары пад вечныя сосны казала з палёгкай. А ўсё таму, што жыцьцё падалося ёй сапраўдным пеклам. Хапала пеклаваньня ў жыцьці. Ці не таму беларусы з асэнсаваньнем пекла ў мастацтве трохі прыпазьніліся. Толькі ў 90-я гады прачыталі па-беларуску Дантава пекла, а мастак Алесь Пушкін намаляваў сваё пекла на сьценах царквы ў родным мястэчку Бобрык Крупскага раёну. Вернікі засталіся задаволеныя і Таемнай Вячэрай, і выявамі апекуна храма сьвятога Міколы Цудатворцы. А вось вялікая фрэска, на якой паказаны Страшны Суд, выклікала ў настаяцеля царквы пэўную насьцярогу, дакладней, фрагмэнт фрэскі, дзе ў пекле ў адпаведнай кампаніі апынуўся чалавек – лысы, вусаты ды пры гальштуку. Той самы, што называе сябе праваслаўным атэістам. Міхась Скобла
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |