border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Пераклад

Папрасіць "перакласьці кніжку з паліцы на стол" можам любога чалавека, прытым з цалкавітай упэўненасьцю, што кожны раз атрымаем такі самы вынік "перакладу", калі толькі чалавек захоча выканаць нашу просьбу. Папрасіць "перакласьці кніжку зь нямецкай на беларускую" можам далёка ня ўсіх, а прытым без найменьшага спадзеву, што вынік дзеяньняў атрымаецца аднолькавы ў кожнага перакладчыка. У гэтым сэнсе, літаратурны пераклад - непаўторны, як і сам арыгінал.

Няма рэцэпту, як зрабіць добры пераклад. Усе перакладчыкі шукаюць свайго ўласнага шляху паміж полюсамі доўгага ланцужку дыхатамічных правілаў. Прыкладам: а)пераклад павінен пераносіць словы арыгіналу - пераклад павінен пераносіць ідэі арыгіналу; б) пераклад павінен адлюстроўваць стыль аўтара - пераклад павінен адлюстроўваць стыль перакладчыка;  в) пераклад павінен чытацца як тэкст, сучасны эпозе аўтара  -- пераклад павінен чыіацца як тэкст, сучасны эпосе перакладчыка; г) перакладчык можа дадаць нешта аб сябе - перакладчыку нельга такога рабіць. І так далей, і да таго падобнае.

Ясна тут адно: калі б у перакладзе ішлося пра зьмену словаў аднае мовы на словы іншыя, ён наўрад ці меў бы якую-небудзь цікавасьць  як для чытачоў, так і для саміх перакладчыкаў.  Перакладаецца заўсёды нешта значна большае за словы, фразы й абзацы - перакладаецца сьвет, закадаваны ў адной мове,  на ягоны адпаведнік у іншай мове. Двухмоўны слоўнік у гэтай працы - усяго адзін з дапаможнікаў, прытым, мабыць, ня самы важны.

Гісторыя беларускага літаратурнага перакладу - гэта ўадначас і гісторыя інтэлектуальнага змаганьня за захаваньне свайго беларускага сьвету ў сусьвеце нацыянальных культураў. Гэта, перш-наперш, змаганьне за тое, каб ня зжэр беларускага сьвету сьвет расейскі. Каб ня зьнікла назусім беларуская ўражлівасьць да сусьвету, якая знаходзіць сваё выяўленьне ў самабытным беларускім слове. Каб беларусам ня трэба было шукаць адпаведнага беларускага слова праз расейска-беларускі (ці, можа, польска-беларускі альбо ангельска-беларускі)  слоўнік.

Ян Максімюк  
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org