RFE/RL |
Пашпарт
З пашпартам беларусы сталі жыць толькі ў гэтым стагодзьдзі. Першапачаткова, у шырэйшым сьвеце дакумэнт узьнік з неабходнасьці падарожнічаць празь межы — адсюль значэньне дзьвюх замежных частак – “pass” і “port” – літаральна “прайсьці порт”. Савецкі пашпарт у 30-я гады пачаў уводзіцца для больш пэўнага парадку ўліку і кантролю. Вяскоўцам пашпартоў не давалі аж да 50-х – тым самым калгасы трымалі іх ва ўмовах прыгоннага права. Сярпасты й малаткасты пашпарт стаў магутнай прыладай уніфікацыі многіх розных народаў у адзіны, савецкі. Шматлікія пашпартысты й пашпартысткі на сваіх пашпартных сталох вялі заўзятую перакоўку усіх нацыянальных традыцыяў іменаслоўя на адзін лад: так нарадзіліся раней нечуваныя звароты “Нурсултан Абішэвіч” ці “Урал Рамдракавіч”. Так і беларускі “Янка”, ці “Ян” застаўся толькі ў песьні. Векавечныя радаводныя дрэвы пайшлі ў сукі… Як казаў паэт: “у вёсцы быў ён проста Рэпа,Савецкі пашпарт, як і мараль, меў двайное аблічча: адзін нутраны, другі – замежны. Даўно заўважана: чырвоны пашпарт памежнікі бяруць як жабу. Уладальнікі новага, сіняга пашпарту, як кажуць “з капустаю” на вокладцы, падарожнічаюць ня з большай прыемнасьцю. На старонках гэтага дакумэнту шукаюць ня толькі належную візу, але й дзіўны запіс: гэты пашпарт прыгодны для выезду ва ўсе краіны сьвету. Адзін польскі памежнік, праштудаваўшы гэта, заўважыў калегу: напэўна, у іх ёсьць і пашпарты, прыгодныя, каб ставіць патэльні. Пашпарт з “Пагоняй” не пасьпеў стаць пазнавальным на межах – зьнікшы пасля вокамгненнага алюру. Але тыя, хто яго мае, берагуць для ХХІ стагоддзя. Алена Ціхановіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |