RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Памяць. Памяць - гэта я, і памяць - гэта мы. Памяць, як і людзі, бывае вечнай і кароткай, маторнай і зрокавай, слабой і моцнай. Само слова памяць прыйшло да нас з індаэўрапэйскай мовы, дзе яно мела тое самае значэньне. Савецкая школа ўжывала чалавечую памяць для выхаваньня будаўнікоў камунізму і таму патрабавала ведаць на памяць клятву юнага піянэра, колькасьць ордэнаў на сьцязе камсамолу, склад палітбюро ЦК КПСС, вершы пра Леніна. Але, на самой справе, гэта была антыпамяць у якой гублялася памяць пра вартае. У той самы час яна як магла вытручвала гістарычную памяць народу, выбівала з памяці ягоную нацыянальную сьвядомасьць. У выніку памяць беларуса пакрысе бяднела: зь яе выляталі несавецкія падзеі, імёны народных герояў, зь яе вылятала родная мова і нацыянальныя арынціры. Спытайце ў беларуса, да прыкладу, якога вялікага паэта ён можа назваць без развагаў і вы, у бальшыні выпадкаў, пачуеце імя чалавека з суседняй дзяржавы. Адна зь першых гістарычных кніжак пра нашу гісторыю (для чытача 80-ых) называлася "Памяць пра легенды". Аўтар Кастусь Тарасаў, схаваўшыся за слова легенды, вярнуў памяць. Кароткі пэрыяд вяртаньня памяці пасьля развалу СССР зьменшыў колькасьць насельніцтва і павялічыў нацыю. Памяць напоўнілася іншым, сапраўдным зьместам і пачала патрабаваць прыпомніць ня толькі забытае агульнае, але й прыватнае: спазнаць свой радавод, вызначыць сваё месца ў гісторыі свайго народу і адсюль - у сёньняшняй рэальнасьці. У прэзыдэнцкай Беларусі ізноў пачаліся спробы вярнуць нашую памяць ў сьпісаную на архіўную паліцу савеччыну, але нашая памяць цяпер -- гэта ўжо іншая памяць, памяць у якой жывуць Бітва пад Воршай і шляхецкая вольніца, БНР і Слуцкі збройны чын, Курапаты і Чарнобыль, змаганьне за нацыянальную школу і разагнаныя ўладамі дэманстрацыі. Замест духовае беднасьці ў сучаснай памяці пачынае абжывацца памяць пра беднасьць матэрыяльную. Сяржук Сокалаў-Воюш.
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |