RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Паляк.
Паляк -- польскі чалавек. У ягоным нацыянальным назове чуецца поле. Этнонім паляк паявіўся ў далёкім Х1 стагодзьдзі. Паляк - ад палянін, так зваўся жыхар Вялікапольшчы. І адтуль дзе Познань, Быдгашч, Гнезна, шырылася імя і стала агульным назовам паляка. Беларусы стагодзьдзямі ведалі палякаў як ляхаў. Гэтае імя суадносілася зь лядам. Ляхі - насельнікі вольных ад лесу прасьцягаў, лядаў. Людзі зь Ляскага краю сяліліся ў нас яшчэ да Крэўскай вуніі, і нашыя продкі ведалі, па чым пазнаць такога чалавека: казалі, па тым, што "на чэраве ў ляха - бляха". І прыглядаліся, і вучыліся ў ляхаў, напрыклад, у тых мазурскіх буднікаў, якія прыйшлі ў наш край на лясны промысел, і асталяваліся на Палесьсі. А польская мова, займеўшы на нашай зямлі правы, насычалася сокамі мовы беларускай. І з польскім уплывам прыбыўлялася ў нас палякаў. Аднак і даўней, і ў новыя часы нямала палякаў парабілася зь беларусаў. У ХХ стагодзьдзі мэтады былі або адміністрацыйныя, або касьцёльныя. "Будзь, паляк, як людзі, інакш дрэнна будзе!" -- у вершы Вінцука Адважнага крычыць гэтак жонка мужу. У заходнебеларускай вёсцы за польскім часам ідзе перапіс. Пасьля вайны колішнія польскія грамадзяне двойчы масава выязджалі ў Польшчу. Колькі сярод тых рэпатрыянтаў было беларусаў, якія між двух камуністычных рэжымаў выбіралі польскі, -- ніхто дакладна ня скажа. Гавораць, што чалавек, які ня ведае гісторыі, асуджаны на тое, каб перажыць яе зноў. На шчасьце, у раскіданых па краіне даўнейшых шляхецкіх вёсках нярэдка сустрэнеш людзей, якія, цэнячы сваю польскасьць, памятаюць пра беларускую Бацькаўшчыну, не забываюцца на клопат сваіх пачцівых папярэднікаў - стаяць "за сваю і за вашую свабоду". Юрась Бушлякоў.
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |