RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Паэт
«Я не паэта - о, крый мяне Божа!» - выгукнуў на пачатку стагодзьдзя вялікі Купала, пасьля якога бадай што ніводны служка музы не адважыўся паўтарыць гэтых словаў. Калі на пачатку 90-ых на Беларусь пачалі прыяжджаць дзеці нашых эмігрантаў, яны заўважылі, што паэты тут вядомыя так, як у краінах іхнага пражываньня кіназоркі альбо рок-сьпевакі. Гэта, вядома, перабольшаньне, але ў ім ёсьць рацыянальнае зерне. Цяжка адшукаць у Беларусі чалавека, які не назваў бы двух-трох майстроў нашай паэзіі. У той самы час лёгка адшукаць таго, хто блытае Купалу і Коласа, альбо ніколі ня чуў пра Алеся Гаруна ці Краўцова Макара. У той самы час, ня кожны зацяты саветчык назаве імя аўтара БССРаўскага гімну Міхася Клімковіча, гэтак сама як зацяты камуніста ня ведае, што ягоны партыйны гімн «Інтэрнацыянал» ёсьць у Беларускім перакладзе таго самага Купалы. Імёны паэтаў у сьветапоглядзе беларуса - знакавыя. Прыхільнасьць да паэта вызначаецца прыхільнасьцю да незалежнасьці, альбо пад'ярэмнасьці ці абыякавасьці. Што да асобы самога творцы, то ў Беларусі ён асоба досыць пасіўная. Толькі адзінкі ад агульнай колькасьці стала змагаюцца за права беларуса на сваю дзяржаўнасьць, свой гістарычны шлях. Сярод іх - Рыгор Барадулін, Віталь Вольскі, Данута Бічэль-Загнетава, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Анатоль Вярцінскі, Алесь Разанаў. Усе яны людзі розныя, як розныя і спосабы іхнага змаганьня. Паэта, паэтка, паэзыя, паэтычны, апаэтызаваны. Усе яны маюць адзінага грэцкага продка - слова поітіс, што больш-менш адпавядае нашаму пясьняр. Сяржук Сокалаў-Воюш
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |